“Кіраўск-СДЮШАР” у васьмёрцы мацнейшых: пазіцыя — чацвёртая
У Мазыры і Шчучыне прайшоў другі тур чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе. Нагадаем, што пасля першага тура ў зоне “Усход”, матчы якога праходзілі ў нашым горадзе, каманда “Кіраўск-СДЮШАР” займала другое месца. У горадзе на Прыпяці нашы пляжнікі выступалі не самым мацнейшым саставам, але змаглі зноў здзівіць публіку. Прычым і ў пазітыве, і не толькі…
У стартавым паядынку кіраўчан экзаменавалі гаспадары — каманда “М-Сіці”, якую нашы землякі ў Кіраўску ўпэўнена адолелі з лікам 6:2. Мазыране, безумоўна, імкнуліся ўзяць рэванш. Аднак гэтага не атрымалася. У вострай барацьбе асноўны час завяршыўся ўнічыю 2:2. У дадатковы час каманды абмяняліся галамі. У серыі пенальці футбалісты “Кіраўск-СДЮШАР” былі больш удалымі і запісалі здабытае ачко ў свой актыў. Героем матча стаў Іван Ляцецкі, які зрабіў хет-трык і дакладна прабіў пенальці ў вароты былых аднаклубнікаў.
А вось у наступным матчы з “Волатам-Капіталам” фартуна адвярнулася ад кіраўчан. Толькі аднойчы нашы хлопцы змаглі “ўзяць” вароты мінчан дзякуючы дакладнаму ўдару Арцемія Дразда, затое ў сваю “рамку” прапусцілі ажно 6 разоў…
І як тут не сказаць: “Сілы эканомілі…”, калі ў наступным паядынку, як і ў Кіраўску, быў адолены БАТЭ з Барысава! Як бачна, кіраўчане для флагманаў беларускага футбола (хаця б у пляжным яго варыянце) сталі сёлета самым нязручным сапернікам. Паядынак нагадваў арэлі — забівалі то адны, то другія, па чарзе выходзячы наперад. Асноўны і дадатковы час завяршыўся ўнічыю 4:4. У нашай камандзе галы забівалі Іван Ляцецкі (2), Арцемій Дрозд і Юрый Пятроўскі. Зноў дайшла справа да пенальці. І зноў (у трэці раз у сезоне) больш дакладнымі за апанентаў былі футбалісты “Кіраўск-СДЮШАР”, пазбавіўшы барысаўчан заліковых ачкоў.
Затое ў апошнім матчы тура кіраўчане “праваліліся”. Зборная Віцебскай вобласці, якая была больш матываваная, бо знаходзілася на мяжы “вылету”, праявіла характар і змагла забіць у вароты СДЮШАРаўцаў чатыры безадказныя мячы. Вось і атрымліваюцца “незразумеласці”: перамагаем фаварытаў, прайграем не самым моцным камандам…
Згодна новай формулы чэмпіянату цяпер барацьбу за медалі працягнуць 8 каманд, якія правядуць яшчэ 2 туры перш, чым выявяцца іх канчатковыя месцы перад Суперфіналам. Пакінулі чэмпіянат “Волат-Капітал” і “Палессе” (Кобрын), якія занялі апошнія месцы ў сваіх зонах. А вось як выглядае табліца чэмпіянату перад трэцім турам, які пройдзе 30 чэрвеня — 1 ліпеня ў Віцебску (у залік не ідуць ачкі, набраныя ў матчах з выбыўшымі камандамі):
- “Гроднааблспорт” — 14
- “ProDom” (Брэст) — 12
- БАТЭ (Барысаў) — 12
- “Кіраўск-СДЮШАР” — 8
- Зборная Віцебскай вобл. — 6
- “М-Сіці” (Мазыр) — 5
- “Фарсаж” (Слонім) — 4
- “Шчучын” — 3
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фото: группа “Пляжный футбол в Беларуси” социальной сети “ВКонтакте”.