37 гадоў вернасці кнізе: як Ларыса Фралова знайшла прызванне

15 верасня – Дзень бібліятэк
Гэты дзень з’явіўся ў краіне ў 2001 годзе па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 года. Дата свята – 15 верасня – абрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны.
У невялікай сельскай бібліятэцы заўсёды асаблівая атмасфера. Тут ціха, утульна і па-хатняму. Пахне кнігамі, а на стэлажах захоўваюцца гісторыі, лёсы і ўспаміны. Але галоўнае багацце бібліятэкі – не толькі кнігі, а і чалавек, які многія гады сустракае чытачоў, раіць, дапамагае, беражліва захоўвае кнігі і сувязь пакаленняў. Менавіта такім чалавекам для сваіх чытачоў стала бібліятэкар Барчыцкай сельскай бібліятэкі-клуба Ларыса Фралова (на фота). Ужо 37 гадоў яна дапамагае кнігам знаходзіць сваіх чытачоў, а чытачам – свае кнігі.
Нарадзілася і вырасла жанчына ў вёсцы Капусціна. У 1983 годзе скончыла мясцовую васьмігодку і паступіла ў Жыліцкі сельгастэхнікум. Пасля вучобы вярнулася дадому, аднак па атрыманай спецыяльнасці не працавала.
А ў 1989 годзе пагадзілася на прапанову папрацаваць у мясцовай бібліятэцы, адразу ж і паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, каб новую для сябе справу асвоіць прафесійна. Так і засталася вернай гэтай прафесіі…
Выбар аказаўся не выпадковым. Кнігу Ларыса Карпаўна любіла з дзяцінства. Чытанне заўсёды было часткай яе жыцця, а таму праца сярод кніг паступова стала па-сапраўднаму блізкай і роднай. У 2013 годзе Капусцінскую бібліятэку закрылі. Аднак расставацца з любімай справай наша гераіня не стала. Яна перайшла ў Барчыцкую бібліятэку, дзе працуе і дагэтуль.
За гады працы бібліятэкар становіцца для сваіх чытачоў не проста чалавекам, які выдае кнігі. Гэта дарадца, суразмоўца, арганізатар і чалавек, які добра ведае літаратурныя густы сваіх наведвальнікаў.
Ларыса Фралова сустракаецца з чытачамі, праводзіць тэматычныя і святочныя мерапрыемствы, дапамагае кожнаму падабраць кнігу па душы. Да яе прыходзяць не толькі за літаратурай, але і за добрым словам, парадай, цікавай гутаркай. Бо сапраўдны бібліятэкар ведае: часам чалавеку патрэбна не проста кніга – яму патрэбен суразмоўца.
«Чытачы – самыя розныя: ад дзяцей да людзей старэйшага пакалення, і да кожнага патрэбны свой падыход, – дзеліцца бібліятэкар. – Аднаму хочацца прыгод, другому – лёгкай кнігі для адпачынку, трэцяму – сур’ёзнага гістарычнага рамана, які, дарэчы, апошнім часам карыстаецца вялікай папулярнасцю. Улічваючы, што ўвесь час з’яўляюцца новыя аўтары і тэмы, ды і кніжныя перавагі чытачоў мяняюцца, даводзіцца ўвесь час быць у курсе літаратурных навінак, памятаць, якія кнігі ёсць на паліцах, і ведаць інтарэсы сваіх чытачоў, каб разумець, каму і што прапанаваць».
Асаблівае месца ў рабоце спецыяліста займае супрацоўніцтва са школай. Бо бібліятэка і школа – саюзнікі ў справе выхавання любові да кнігі і чытання. Вопыт зносін з уласнымі ўнукамі, а іх у Ларысы Фраловай чацвёра, дапамагае і ў працы з іншымі дзецьмі: зразумець іх інтарэсы, знайсці патрэбныя словы і, самае галоўнае, падабраць тую кнігу, якую ім сапраўды захочацца прачытаць.
За гады працы ў Ларысы Фраловай назапасіўся вялікі прафесійны вопыт. Але яшчэ важней, мабыць, – жыццёвы. Адказнасць, добразычлівасць, цярпенне і любоў да сваёй справы – менавіта гэтыя якасці, на думку бібліятэкара, дапамагаюць ёй столькі гадоў заставацца вернай абранай прафесіі.
Бібліятэка сёння працягвае заставацца месцам сустрэч, зносін, новых адкрыццяў і добрых традыцый. А прафесія бібліятэкара – гэта не толькі праца з кнігамі. Гэта праца з людзьмі,
з іх інтарэсамі, марамі і ўспамінамі.
У прафесійнае свята Ларыса Карпаўна жадае сваім калегам міру, здароўя, невычэрпнага натхнення
і ўдзячных чытачоў.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
- VI ВНС: от народного форума – к конституционной реформе

- 37 гадоў вернасці кнізе: як Ларыса Фралова знайшла прызванне

- Уважаемые работники и ветераны библиотек Кировского района!

- Дзень народнага адзінства. Што аб’ядноўвае беларусаў?

- Лукашенко в преддверии Дня народного единства вручил госнаграды заслуженным представителям различных сфер

- Блогеры из Китая посетили Жиличский дворцово-парковый ансамбль





