Кіраўшчына ў маім жыцці…


Валянціна КЛІМОВІЧ, аператар машыннага даення ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, ордэнам Пашаны, уладальнік спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” з занясеннем на абласную Дошку гонару (2016 г.), ганаровы грамадзянін Кіраўскага раёна:
– Лёс звязаў мяне з Кіраўскім раёнам у 1979-м годзе, з “Рассветам” – у 1981-м. З тых пор Кіраўшчына для мяне стала родным домам, у якім прайшлі самыя важныя моманты майго жыцця: тут я знайшла сваё каханне, стварыла сям’ю, тут нарадзіліся мае дзеці, сюды прыязджаюць унукі.
Тут, на гэтай цудоўнай кіраўскай зямлі, я стала сапраўдным спецыялістам сваёй справы. Дапамаглі мне ў маім станаўленні прафесіяналы сваёй справы, настаўнікі: Фаіна Ануфрыеўна Скудная і Людміла Нічыпараўна Палевіч. Я ганаруся тым, што мне пашчасціла працаваць разам з імі.
Людзі майго пакалення, хто працаваў у жывёлагадоўлі, добра памятаюць, якімі былі фермы, умовы працы. Калі кожны дзень сутыкаешся з гэтым, то і не заўважаеш, якія змены адбываюцца. А на самой справе хіба ж можна параўнаць усё, што мы маем сёння, з тым, што было дзясяткі гадоў таму!
Толькі паглядзіце, якія ў нас зараз фермы… Высокатэхналагічныя, усё аўтаматызавана… Умовы працы для работнікаў на вышэйшым узроўні: чысціня, камфорт, сучасныя памяшканні. Як жа тут не будзеш старацца працаваць. А калі бачыш сам вынікі сваёй працы, то гэта, напэўна, самае вялікае ўзнагароджанне.
За гады, што жыву на Кіраўшчыне, я назапасіла не толькі вялікі працоўны вопыт, але і мноства ўзнагарод. Прыемна, што мая праца прызнана на самым высокім узроўні. Тройчы я атрымлівала ўзнагароды з рук нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, а гэта дарагога каштуе. Ды і наогул, Кіраўскі раён заўсёды славіўся дасягненнямі ў сельскай гаспадарцы. І я рада, што і мая праца таксама прыносіць карысць.
Жадаю нашай роднай Кіраўшчыне росквіту, а яе жыхарам – моцнага здароўя, плёну ў працы, шчасця, міру і дабрабыту.

Лізавета КІСЯЛЁВА, выкладчык дзяржаўнай установы адукацыі “Жыліцкая дзіцячая школа мастацтваў”, малады спецыяліст:
– Разважаючы на гэтую тэму, перш за ўсё, я хачу сказаць, што мне вельмі пашанцавала нарадзіцца ў Жылічах, у найпрыгажэйшым месцы, поўным гісторыі і прыроды, дзе кожны куток захоўвае сваю ўнікальную атмасферу. Палац, старадаўні парк – гэта крыніца натхнення, дзе кожны крок пераносіць у мінулае… І тое, якія змены адбыліся тут за апошнія гады, заслугоўвае асаблівай павагі і захаплення.
Для мяне Жылічы – гэта не проста месца на карце, а родны куток, які з кожным днём становіцца даражэй, крыніца энергіі для творчасці, адпраўная кропка на шляху да прафесійнага жыцця… Тут я нарадзілася, тут я ўпершыню адкрыла для сябе мастацтва, тут вучылася, расла і разумела, як важна захоўваць і перадаваць спадчыну папярэдніх пакаленняў.
Як і любы свядомы грамадзянін, я адчуваю адказнасць за будучыню сваёй малой радзімы. Лічу, што не толькі прырода і архітэктура, але і людзі, іх творчы патэнцыял і любоў да роднай зямлі робяць наш раён асаблівым. Цяпер мая галоўная задача – перадаваць свае веды і вопыт вучням, дзяліцца з імі сваім натхненнем, каб наша родная Кіраўшчына працягвала развівацца
і квітнець.
Мы, моладзь, павінны разумець, як важна захоўваць сваю культуру, гісторыю і сувязь з роднай зямлёй. Лічу, што мастацтва – гэта не проста харэаграфія або жывапіс, гэта мова, з дапамогай якой мы можам выказаць усё, што нас акружае: ад прыгажосці прыроды да ўнікальнасці нашага краю. Гэтаму мяне навучылі Жылічы, гэтаму я вучу цяпер сваіх вучняў.
Хай выдатны жыліцкі куток зямлі працягвае натхняць сваіх жыхароў і гасцей, прыносіць ім радасць і гонар. Няхай кожны з нас ганарыцца сваёй малой радзімай і будзе гатовы ўнесці свой уклад у яе росквіт.

Наталля КОТАВА, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей
і моладзі”:
– Для мяне, як для чалавека, які сваё жыццё звязаў з Кіраўскім раёнам, гэты юбілей асабліва важны. Я ганаруся тым, што нарадзілася і вырасла тут, у гэтым выдатным месцы.
Наш раён – гэта гісторыя, гэта традыцыі, гэта людзі… Я заўсёды адчувала, як важна заставацца ў родным месцы, а не шукаць шчасця дзесьці далёка, бо менавіта тут я знайшла сваё прызначэнне. Тут я сустрэла сваё каханне, нарадзіла дзяцей, вызначылася з працай.
Мая цяперашняя сям’я, мае бацькі, сябры, калегі сфармавалі ў маім жыцці той шлях, па якім я ішла і працягваю ісці. І цяпер, праз гады, я ганаруся тым, што магу быць часткай гэтага працэсу для будучых пакаленняў, развіваючы цэнтр дадатковай адукацыі, ствараючы новыя магчымасці для дзяцей нашага раёна. Гэта месца стала маім жыццём, маёй працай
і маім лёсам.
Для мяне вельмі важна, што мая дачка таксама абрала наш раён сваім домам. Яна, як і я, разумее, наколькі каштоўныя карані, як важна сувязь з роднай зямлёй. Я спадзяюся, што яе шлях будзе напоўнены любоўю да родных мясцін, да тых людзей, якія тут жывуць, і да тых традыцый, якія мы беражліва захоўваем.
Я хачу пажадаць усім землякам, каб наш родны раён квітнеў, каб тут заўсёды было месца для новых ідэй, для творчых ініцыятыў і для шчасця. Няхай кожны куток нашай малой радзімы будзе месцам, дзе знаходзяць падтрымку, дзе ствараюць і працуюць, дзе заўсёды пануе дабро і цеплыня.