Напярэдадні юбілею раёна мы пацікавіліся ў кіраўчан, чым для іх у жыцці стала Кіраўшчына

Алена САКАДЫНЕЦ, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня Кіраўскага раённага аддзялення Магілёўскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”:
– Кіраўскі раён сустракае значны юбілей – 90-годдзе са дня ўтварэння. За гэтыя дзесяцігоддзі ў гістарычнай скарбонцы нашага цудоўнага краю мноства яркіх дасягненняў і перамог, нямала падзей, якімі мы можам ганарыцца. Кіраўчане працуюць, гадуюць дзяцей, спакойна глядзяць у будучыню… Але не забываюць і пра тых, хто коштам уласнага жыцця здабываў для нас гэты мір і свабоду, абараніў ад ворага родную зямлю. Гераічнае мінулае свята шануецца на Кіраўскай зямлі. Тут усё прасякнута гісторыяй. Гэта і памятны знак “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, і жамчужына Прыдняпроўскага краю Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, і многія іншыя знакавыя і маляўнічыя мясціны. А самае галоўнае – кіраўская зямля багатая на добрасумленных і працавітых людзей.
Прыемна, што наш раён у ліку лідараў па розных паказчыках дзейнасці, асабліва ў сельскагаспадарчай галіне. І гэта вынік самаадданай працы жыхароў раёна, кожнага на сваім рабочым месцы.
Усе разам мы прыкладаем намаганні, каб зрабіць нашу Кіраўшчыну яшчэ прыгажэйшай, лепшай, больш утульнай. Стала добрай традыцыяй падчас раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” адкрываць новыя аб’екты. А як прыгажэюць населеныя пункты, якім выпадае гонар сустракаць гасцей “Дажынак”!
Належная ўвага надаецца навядзенню парадку на зямлі, добраўпарадкаванню горада і сельскіх населеных пунктаў. Будуюцца дамы і кватэры, адкрываюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі, рамантуюцца сацыяльныя аб’екты, дарогі, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і прылягаючыя тэрыторыі. І гэта наша агульная заслуга, наш уклад у дабрабыт малой радзімы.
Хацелася б, каб усе людзі памяталі, што тое, наколькі будзе камфортна і зручна жыць у нашым раёне, залежыць ад кожнага з нас.
Жадаю землякам мірнага неба, узаемаразумення, цярпення, згоды і здароўя. А нашай малой радзіме – развівацца і эканамічна мацнець, станавіцца з кожным годам прыгажэй і лепш.

Аляксандр БАГЕЛЬ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”:
– 12 лютага Кіраўскаму раёну споўніцца 90 гадоў са дня заснавання. Гэта свята, якое аб’ядноўвае ўсіх жыхароў рэгіёну і яго выхадцаў, якія шчыра любяць Кіраўшчыну. За гэтыя гады невялікі населены пункт ператварыўся ў рэгіён, які дынамічна развіваецца і можа пахваліцца значнымі поспехамі ў розных сферах жыцця.
Гісторыя раёна пачалася даўно, калі на гэтых землях знаходзіўся маёнтак Качэрычы ў аднайменнай воласці Бабруйскага павета. У 1935 годзе з’явіўся пасёлак Кіраўск.
Сёння жыхарам раёна сапраўды ёсць чым ганарыцца. Сельская гаспадарка займае важнае месца ў яго эканоміцы. Асноўныя напрамкі ўключаюць малочна-мясную жывёлагадоўлю, вырошчванне збожжавых культур, бульбы, цукровых буракоў, алейнага насення рапсу, а таксама агародніцтва.
За гады станаўлення ў раёне былі створаны аграгарадкі, пабудаваны сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, абноўлены машынна-трактарны парк.
Асаблівы гонар выклікае ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага”. Гэта знакамітае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое адзначыла летась сваё 80-годдзе, з’яўляецца важным звяном у развіцці Кіраўшчыны.
Кіраўскі раён валодае вялізным турыстычным патэнцыялам. Грыміць слава аб Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі, нікога не пакідае абыякавым наведванне памятнага знака «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў Борках. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна знаходзяцца папулярныя зоны адпачынку.
Галоўнае багацце раёна – гэта яго жыхары. Менавіта дзякуючы іх працы, адданасці і неабыякавасці Кіраўскі раён працягвае развівацца і квітнець.

Аркадзь Еўдакімавіч БАБІЦКІ, равеснік раёна:
– Сёлета Кіраўскаму раёну спаўняецца 90 гадоў, і я з гонарам магу сказаць, што я – яго аднагодак. Я нарадзіўся ў Чыгірынцы, а зараз жыву разам з жонкай у Кіраўску. Мы выхавалі траіх дзяцей, у нас ёсць унукі і праўнукі. Разам з нашым раёнам мы перажывалі розныя часы, бачылі яго рост і развіццё.
90 гадоў – гэта значны ўзрост, але наперадзе яшчэ шмат дасягненняў і поспехаў. Я ўпэўнены, што Кіраўскі раён будзе працягваць расці і развівацца, застаючыся роднай хатай для шматлікіх пакаленняў.
Жадаю землякам усяго добрага, міру над нашай Кіраўшчынай і Беларуссю, спакою, павагі адзін да аднаго і дабрабыту.

Аляксандр КАРАНКЕВІЧ, работнік ААТ “Перасовачная механізаваная калона-97 Вадбуд”:
– Гэты год юбілейны і знакавы для маёй малой радзімы –
Кіраўшчыны. А яшчэ ён асаблівы для мяне і маёй сям’і: 18 студзеня ў нас з жонкай нарадзілася доўгачаканая дачушка Ксенія. На ўсё жыццё гэта будзе памятна.
Малая радзіма займае асаблівае месца ў маім сэрцы: тут я нарадзіўся і вырас, тут працую і гадую дзетак, тут цёплы і хлебасольны бацькоўскі дом, жывуць мае родныя і сябры. Гэта месца, дзе мяне навучылі любіць і паважаць сваю Айчыну, несці адказнасць за свае словы і ўчынкі, дзе я магу ажыццявіць свае мары і рэалізоўваць планы.
Жыву тут усё сваё жыццё і прыемна назіраць, як прыгажэе наш раён, добраўпарадкоўваюцца горад і сельскія населеныя пункты. Важную работу ў гэтым накірунку вязде і наша предпрыемства: за апошнія гады дзякуючы праводзімай рабоце ў севазварот сельгасарганізацый раёна была ўведзена не адна сотня гектараў зямлі. А значыць і мы, працаўнікі ПМК-97, уносім свой уклад у прыгажосць і ўтульнасць сваёй малой радзімы.
Мне падабаецца, як мяняецца горад, як утульна ў ім жыць людзям розных пакаленняў. Хачу, каб і мае дзеці, калі вырастуць, ставіліся да сваёй малой радзімы з такім жа трапятаннем і любоўю.
Хацелася б пажадаць нашаму любімаму раёну росквіту, каб і надалей добрасумленныя працаўнікі праслаўлялі Кіраўшчыну сваімі дасягненнямі ў розных сферах, каб павялічвалася колькасць жыхароў і паўсюль гучалі звонкія дзіцячыя галасы. Квітней, любімы Кіраўскі раён!