На Кіраўшчыне праходзіць інфа-акцыя “Супраць наркотыкаў”
У раёне з 17 мая праходзіць інфа-акцыя “Супраць наркотыкаў”. Яе мэта – нацэліць дзяцей і падлеткаў на вядзенне здаровага ладу жыцця, прадухіліць выпадкі ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў сярод непаўналетніх.
Інфа-акцыя праходзіць у цесным узаемадзеянні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і іншых.
У межах яе правядзення рабочай групай, у якую ўвайшлі прадстаўнікі райвыканкама, РАУС, РАНС, райкама ГА “БРСМ”, з дзецьмі і падлеткамі праводзяцца сустрэчы і прафілактычныя гутаркі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна і Жыліцкім сельгаскаледжы. Асаблівую ўвагу выступаючыя надаюць пытанням прафілактыкі злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі, захаванню бяспечных і адказных паводзін у грамадскіх месцах, на дарогах, на вадаёмах, у тым ліку падчас набліжаючыхся летніх канікулаў.
Зацікаўленая размова адбылася паміж удзельнікамі рабочай групы і школьнікамі на базе СШ№1.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вераніка Касьміна адзначыла, што наркаманія – адна з самых страшных бед сучаснасці. Па яе словах, большасць людзей ва ўсім свеце паддаюцца спакусе і трапляюць у сетку гэтай заганы, яны мяркуюць, што такім чынам вырашаць свае праблемы, але, на самой справе, наркотыкі толькі ствараюць новыя перашкоды ў жыцці. Таму адзіны правільны выхад у гэтай сітуацыі – сказаць цвёрдае “не” любым відам наркотыкаў.
Вераніка Касьміна давяла да ведама ўдзельнікаў сустрэчы інфармацыю аб злоўжыванні наркотыкамі сярод непаўналеніх, прывяла статыстычныя дадзеныя па вобласці, якія тычыліся колькасці асоб, прыцягнутых да адказнасці ў бягучым годзе, а таксама канкрэтныя прыклады ўжывання наркотыкаў вучнямі адной са школ г.Бабруйска. Даведаліся рабяты і пра крымінальную адказнасць за ўжыванне, выраб і распаўсюджванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. Так, па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса адказнасць па “наркатычных злачынствах” прадугледжвае ад 2 да 25 год пазбаўлення волі, у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях – штрафы ў некалькі дзясяткаў базавых велічынь.
Пачулі вучні і пра наступствы злоўжывання наркотыкаў: сярод асноўных – дачасная смяротнасць, суіцыды, СНІД і інш.
Інспектар камісіі па справах непаўналетніх РАУС Аліна Пятроўская расказала рабятам аб адміністрацыйных і крымінальных наступствах за заведама ілжывае паведамленне аб небяпецы, удзел дзяцей і падлеткаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, учыненне злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, а таксама незаконны абарот зброі і выбуховых рэчываў. Падрабязна ішла размова пра захаванне правілаў паводзін дзяцей у быце, на вадзе, а таксама на іншых аб’ектах, якія могуць несці пагрозу жыццю і здароўю. Нагадалі рабятам і пра захаванне Правілаў дарожнага руху.
Шмат карыснай інфармацыі атрымалі школьнікі з прагляду сацыяльнага роліка на тэму прафілактыкі наркаманіі “Свабода ўнутры”.
Як адзначыла Вераніка Касьміна, захаванне і ўмацаванне здароўя людзей – адна з важнейшых задач дзяржавы. Клапаціцца пра здароўе неабходна з дзяцінства, таму альтэрнатывай шкодных звычак павінны стаць вядзенне здаровага ладу жыцця, правільнае харчаванне, эмацыянальны камфорт і добры настрой!
Фота Максіма МІКЕШЫНА.