У кіраўчан – “срэбра” спартакіяды АПК

Па выніках XIV абласной летняй спартакіяды сярод сельскіх раёнаў, аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу, якая адбылася 28-29 чэрвеня ў Слаўгарадзе, каманда Кіраўскага раёна заваявала “срэбра”. Гэта чарговае пацвярджэнне дастойных выступленняў кіраўчан на гэтых спаборніцтвах, на якіх нашы сельскія спартсмены дэманструюць стабільна высокія рэзультаты, становячыся пераможцамі ці прызёрамі.
Пра тое, як праходзілі спаборніцтвы, хто з нашых вызначыўся на іх, расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар СТАВЕР:
— XIV абласная летняя спартакіяда АПК сабрала на Слаўгарадчыне больш 700 працаўнікоў галіны. Як заўжды, удзел у спаборніцтвах прымала каманда нашага раёна, зладжаная, баявая, нацэленая на дасягненне лепшых рэзультатаў ва ўсіх прапанаваных відах спорту: міні-футболе, стрытболе, лёгкаатлетычным кросе, кіданні гранаты, кулявой стральбе, шахматах і іншых. І, варта заўважыць, многае ўдалося. Лепшымі сталі кіраўчане ў спаборніцтвах па міні-футболе: упершыню ў гісторыі спартакіяды атрымалі выйгрышы ва ўсіх матчах! Трэба аддаць належнае нашым футбалістам. Перамогу прынеслі і вынікі лёгкаатлетычнага кросу, кідання гранаты.

Паміж спартыўнымі дружынамі раёнаў разгарнулася напружаная барацьба за лідарства. Дарэчы, на фінішы розніца паміж набранымі ачкамі была зусім нязначная. За першае і другое месца яна склала 4 ачкі: пераможцай стала каманда Магілёўскага раёна, “срэбра” – у Кіраўскага.

Вельмі дарэчы былі камандзе падарункі ад райвыканкама, уручаныя сёлета за званне самай паспяховай каманды абласной спартакіяды АПК — гэта вялікая палатка і новая форма.


У ходзе цырымоніі ўшанавання ўдзельнікаў была працяглай: узнагароды атрымалі каманды і іх прадстаўнікі ў розных намінацыях.
Сімвалічны агонь спартакіяды быў перададзены Магілёўскаму раёну.
Размову вяла Наталля ХАДАКОВА.
