Темы

Знайшла сваё прызванне ў жывёлагадоўлі

Знайшла сваё прызванне ў жывёлагадоўлі

Наша сустрэча і размова з Ганнай Вашукевіч, якая працуе тэхнікам-асемянатарам на МТК “Пацава Слабада” ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, адбылася на яе рабочым месцы. Літаральна з першых слоў зразумела: Ганна Іванаўна — чалавек сціплы і вельмі добразычлівы. Калі даведалася, што планую напісаць пра яе ў “раёнцы” спачатку адмовілася, маяўляў, што нічога геройскага яна не робіць, проста адказна ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў. Але з тым, што прафесія тэхніка-асемянатара — важная і неабходная, згадзілася.

Увогуле, жывёлагадоўлю немагчыма ўявіць без прадстаўнікоў гэтай прафесіі, менавіта ад іх прафесіяналізму, добрасумленнага стаўлення да справы залежыць стан галіны: будзе весціся работа па асемяненні кароў — будуць расцёлы, цяляты, а, значыць, — будуць малако, мяса, палепшыцца дабрабыт гаспадаркі, яе працаўнікоў.
Ганна Вашукевіч у прафесіі ўжо 16 гадоў. За гэты час з яе дапамогай грамадскі статак РАПТЗ папоўніўся не адной тысячай цялят. Ёсць яе заслуга і ў тым, што зараз з МТК “Пацава Слабада” ўсё атрымліваемае малако адпраўляецца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра” і тлустасцю 4%.
Нарадзілася і вырасла жанчына ў Слаўгарадскім раёне. У далёкім 1983 годзе выйшла замуж за хлопца з в.Ахоцічы Кіраўшчыны. Уладкоўваць сямейнае жыццё маладыя вырашылі ў Кіраўскім раёне. Муж на той момант працаваў механізатарам у калгасе. Сям’і Вашукевічаў адразу выдзелілі дом у Пацавай Слабадзе. Ганна Іванаўна спачатку працавала ў дзіцячым садку, затым яе запрасілі на ферму — падмяніць даярак падчас штогадовага адпачынку. Яна пагадзілася, папрацавала месяц-другі … і засталася тут.
Аб тым, што зрабіла такі выбар, жанчына не шкадуе і да гэтага часу. З усмешкай успамінае, што вырасла яна “пад каровай”. Маці ўсё жыццё адпрацавала даяркай, таму дзяўчынка ўвесь час праводзіла разам з ёй на ферме. А з 6 гадоў Ганна ўжо дапамагала матулі ўручную даіць кароў.
Калі ў свой час перад кіраўніцтвам РАПТЗ паўстала пытанне падабраць спецыяліста на тэхніка-асемянатара на МТК “Пацава Слабада”, выбар адразу спыніўся на Ганне Вашукевіч. Яе накіравалі на курсы ў Беларускую сельгасакадэмію, адкуль вярнулася з новымі ведамі і шчырым жаданнем прымя­няць іх на практыцы.
Сёння ў яе на абслугоўванні 570 кароў, літаральна ўсіх яна ведае па мянушкам. Кожны рабочы дзень спецыяліста пачынаецца прыкладна аднолькава: яна накіроўваецца па хлявах, назірае за станам жывёлы, яе здароўем, ро­біць у журнале неабходныя запісы, займаецца асемяненнем.
Калі пачынае расказ пра сваіх падапечных, у вачах Ганны Іванаўны ўспыхваюць агеньчыкі цеплыні, а голас становіцца спакойным і пяшчотным. Па словах жанчыны, любоў да кароў у яе ад матулі. Яна ніколі не чула, каб тая павысіла голас на жывёлу, ці пакрыўдзіла яе. Праходзячы па хлявах, Ганна Вашукевіч абавязкова пагладзіць рагуль, пагутарыць з імі. Такое стаўленне да жывёлы, упэўнена спецыяліст, вельмі дапамагаюць ёй у рабоце: калі карова спакойная, з ёй можна праводзіць любыя ветэрынарныя маніпуляцыі, нават павышаецца шанц дасягнуць станоўчага выніку па асемяненні з першага разу.
Галоўным у прафесіі тэхніка-асемянатара спецыяліст лічыць высокую адказнасць, добрасумленнасць і нацэленасць на станоўчы вынік сваёй працы. Калі гэта ёсць, будуць і расцёлы, захаванасць маладняку, на высокім узроўні будзе і работа па ўзнаўленні статка высокапрадукцыйнымі каровамі, што з’яўляецца важным складальнікам стабільнага функцыянавання жывёлагадоўчай галіны.
У сваёй працоўнай дзейнасці Г.І.Вашукевіч дасягнула значных поспехаў. Не раз удзельнічала ў прафесійных конкурсах, дзе дэманстравала трывалыя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі. Яна адзначана шматлікімі дыпломамі і граматамі розных узроўняў.
Разам з мужам Ганна Іванаўна выхавала сына і дачку. Вось толькі радавацца ўнукам гаспадару не давялося: з-за хваробы ён рана пайшоў з жыцця…
Сваімі дзецьмі жанчына вельмі ганарыцца: абодва яны працуюць у РАПТЗ, дачка — бухгалтарам, а сын пайшоў па бацькавых слядах — механізатарам. Радуецца, калі бачыць сына на старонках “раёнкі” ў ліку перадавікоў на палявых работах. Асаблівы клопат бабулі і крыніца яе шчасця — шасцёра ўнукаў. Побач з імі яна забываецца пра ўсе жыццёвыя праблемы і проста атрымлівае асалоду ад кожнага новага дня.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость