Темы

Героі роднай зямлі: Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч

Героі роднай зямлі: Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч

Наш зямляк, Герой Савецкага Саюза Аляксандр Рабцэвіч – савецкі партызан, камандзір атрада “Храбрацы”, які дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі.

Нарадзіўся А.М.Рабцэвіч 14 сакавіка 1898 года ў в.Лазовая Буда ў сялянскай сям’і. Змалку прывучаўся да цяжкай вясковай працы. Падлеткам пайшоў батрачыць у в.Міхалёва, дзе знаходзілася сядзіба памешчыка Кутаева, займаўся агародніцтвам.
У 1916 годзе Аляксандр Рабцэвіч быў прызваны ў армію. З імперыялістычнай вайны вярнуўся з Георгіеўскім крыжом, адразу ўступіў у Чырвоную Армію. Разам з Кірылам Арлоўскім арганізаваў партызанскі атрад, біў немцаў, затым жаўнераў польскага генерала Доўбар-Мусніцкага.

Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч

У лістападзе 1918 года Чырвоная Армія разгарнула наступленне на ворага. На барацьбу з немцамі ўзняўся і Качэрыцкі партызанскі атрад, які выгнаў паноў з маёнткаў у Шпілеўшчыне і Качэрычах; разграміў валасную ўправу, што супрацоўнічала з акупантамі. Адразу ж быў створаны Качэрыцкі валасны рэвалюцыйны камітэт, у склад якога ўвайшоў і Аляксандр Рабцэвіч. У 21 год ён стаў камісарам па зямельных справах, раздаваў сялянам памешчыцкую зямлю і жывёлу.
У 1920 годзе Аляксандр Рабцэвіч скончыў школу камандзірскага саставу Чырвонай Арміі, затым прысвяціў вайсковай службе амаль усё сваё жыццё, якое было яркім і насычаным на падзеі.
З 1937 па 1939 гады ўдзельнічаў добраахвотнікам у грамадзянскай вайне ў Іспаніі, камандаваў разведатрадам. За паспяховыя дзеянні быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У Вялікую Айчынную вайну Аляксандр Рабцэвіч знаходзіўся на фронце, з’яўляўся камандзірам роты, затым – батальёна асобнай мотастралковай брыгады асаблівага прызначэння. З чэрвеня 1942 года ён становіцца камандзірам дыверсійнага партызанскага атрада “Храбрацы”, які быў закінуты ў тыл ворага і дзейнічаў у Магілёўскай, Палескай і Пінскай абласцях.
…Цяжкі транспартны самалёт адарваўся ад зямлі і ўзяў курс на захад, на акупіраваную фашыстамі Беларусь. У гэтыя хвіліны Рабцэвіч асабліва востра адчуваў усю меру адказнасці за лю­дзей, якія знаходзіліся побач з ім. Што камандзір ведае аб гэтых 13 чалавеках, акрамя дадзеных з іх афіцыйных анкет і біяграфій? Ці раскажа папера, якія ў іх характары, ці храбрыя яны, ці мужныя і стойкія? Заданне, якое варта выканаць, патрабуе не толькі храбрасці, але і здольнасці пайсці на подзвіг… Як паказалі далейшыя падзеі, ні ў кім з падначаленых Рабцэвіч не памыліўся, бо была ў камандзіра вера ў гэтых людзей.
Аляксандр Рабцэвіч, вызначаючы распалажэнне сваёй групы на першыя дні пасля высадкі, абраў знаёмыя з дзяцінства мясціны, добра ведаў навакольныя лясы. А ў вёсках нямала знаёмых, сярод якіх былі надзейныя людзі. Першую разведку Рабцэвіч накіраваў у тое ж Міхалёва. У прасторнай памешчыцкай хаце на беразе ракі Алы пасяліўся гітлераўскі чыноўнік Вайсіг, шэф малочнага завода, на якім працавалі вязні з лагераў ваеннапалонных. У адну з ліпеньскіх начэй падначаленыя Рабцэвіча наведалі “маёнтак” новага “пана”, якога ў выніку пазбавіла жыцця куля народных мсціўцаў.
Хутка з Масквы прыйшоў загад перадыслакавацца з Кіраўскага раёна на Жлобіншчыну, бліжэй да чыгункі Жлобін – Бабруйск.
Набліжалася 25-я гадавіна Вялікага Кастрычніка, свята вырашылі адзначыць баявымі справамі. І на перагоне паміж раз’ездам Амельна і станцыяй Чырвоны Бераг група пусціла пад адхон эшалон – амаль увесь дзень гітлераўцы выцягвалі з-пад абломкаў вагонаў забітых і параненых.
Аднойчы старасце вёскі Пляскавіцкая Слабодка партызанскі разведчык Рыгор Ігнатаў перадаў загад камандзіра за трое сутак сабраць для савецкіх дэсантнікаў тону мукі і тону аўса. Вядома, фашысцкі служака загад не выканаў, а далажыў свайму кіраўніцтву аб буйных сілах Чырвонай Арміі ў навакольных лясах. Ваенная хітрасць, прадуманая Рабцэвічам, удалася – для блакіроўкі ляснога масіва вораг сцягнуў часці 291-й ахоўнай дывізіі, карнікі білі з гармат, мінамётаў, прачэсвалі лес і здзіўляліся: куды знікла савецкая дывізія? А Рабцэвіч з групай быў ужо ў іншым месцы – у Акцябрскім раёне, вызваленым ад акупантаў.
Пасля паражэння пад Масквой і Сталінградам фашысты пачалі пад­рыхтоўку да рэваншу пад Курскам і Белгарадам, па чыгунцы ўзмацніўся рух воінскіх часцей да фронта. Рабцэвічу з цэнтра аддалі загад узмацніць дыверсіі на чыгунцы, выкарыстоўваць магнітныя міны. Каб пранесці іх да чыгункі, даво­дзілася хаваць чорныя скрыначкі нават у боханы хлеба. Аднойчы пасля ўдалай дыверсіі група Рабцэвіча захапіла 2 балоны з газам – варожы эшалон вёз на фронт атручваючыя рэчывы. Гэтыя рэчавыя доказы былі на самалёце дастаўлены ў Маскву.
Акрамя дыверсій група Аляксандра Рабцэвіча займалася разлажэннем падраздзяленняў ворага, здабычай звестак аб дыслакацыі праціўніка, накіроўваемых ім грузах. У Рабцэвіча паўсюль былі свае людзі – на пошце, на тэлеграфе, нават на ваенным аэрадроме. Нярэдка ім даводзілася апранаць форму нямецкіх прыслужнікаў: быць старастамі, паліцаямі, бургамістрамі. Але таемныя памочнікі Рабцэвіча выконвалі важнейшыя заданні – згодна здабытых падпольшчыкамі звестак савецкая авіяцыя наносіла ўдары па чыгуначных вузлах, паведамлялі аб маральным стане войскаў ворага. Аднойчы падпольшчыца, маці трох дзяцей Домна Скачкова прывяла ў атрад Рабцэвіча венгерскага камуніста, удзельніка іспанскіх падзей Шандара Надзя, які напісаў ліст сваім суайчыннікам аб пераходзе да партызан. Гэтае пасланне ў размяшчэнне венгерскай ваеннай часці аднесла сувязная, настаўніца з вёскі Міхановічы Вольга Нягрэй. Заданне выканала, аднак праз колькі дзён яе арыштавалі гестапаўцы, пасля доўгіх катаванняў, нічога не дабіўшыся, жанчыну жывую закапалі ў зямлю… І колькі было гэтакіх прыкладаў гераізму, самаахвярнасці, адданасці савецкіх людзей сваёй Айчыне!
У канцы 1943 года, калі ўшчыльную падышоў фронт, Рабцэвіч атрымаў загад рухацца далей на Захад. І калі буйныя партызанскія атрады пераадольвалі гэты шлях з жорсткімі баямі, то Рабцэвіч прайшоў яго амаль скрытна, без сур’ёзных сутычак з фашыстамі. Пры пераходзе чыгункі Баранавічы – Лунінец вырашылі замініраваць шляхі, але з сабой не аказалася толу. І ўсё ж рух па чыгунцы быў на пэўны час спынены, бо гітлераўцы знайшлі невядомую партызанскую міну. Як высветлілася пазней, пад рэльс быў закапаны звычайны кухонны чарпак! Доўга група Рабцэвіча ўзгадвала гэтую “міну”.
У 1944 годзе за дыверсійную дзейнасць у тыле ворага Аляксандру Рабцэвічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Па варожых тылах атрад славутага земляка прайшоў сотні кіламетраў, нялёгкі і небяспечны быў гэты шлях – учынена 218 дыверсій, спушчаны пад адхон 91 варожы эшалон, знішчана 90 паравозаў, 5 шашыйных мастоў, браняпоезд, забіта і паранена каля 3500 варожых салдат і афіцэраў.
У 1945 – 1952 гадах А.М.Рабцэвіч служыў у органах Дзяржбяспекі БССР.
Ён таксама быў ўдастоены ордэнаў Айчыннай вайны 2-й ступені, “Знак Пашаны”, Чырвонага Сцяга, медалёў.
Пайшоў з жыцця 11 красавіка 1961 года. Яго імя носяць вуліца і завулак у Кіраўску, піянерская дружына СШ №1.
Кіраўчане ганарацца сваім слаўным земляком.
Падрыхтаваў Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Последние новости

Актуально

Квартиры в привязке к рабочим местам. Президент о задачах при строительстве арендного жилья

22 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Лукашенко обратил внимание на рост числа пустующих арендных квартир

22 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Акцент на арендное жилье. Как и где строить заветные квадраты — тема совещания у Александра Лукашенко

22 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Працаўнікоў філіяла СВК «Бераснёўскі» сканцэнтраваны на сяўбе азімых

22 сентября 2026
Читать новость
Актуально

VII ВНС: главное – в решениях

22 сентября 2026
Читать новость
Прямая линия

23 сентября прямую линию проведет заместитель начальника Могилёвской таможни Виктория Александровна Альшевская

22 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем