Темы

Кіраўшчына стала другой радзімай

Кіраўшчына стала другой радзімай

Выбух на Чарнобыльскай АЭС падзяліў лёсы тысяч людзей на “да” і “пасля”, перакрэсліў мары і надзеі, прымусіў многіх пакінуць родныя мясціны і з’ехаць у невядомасць, стаць вымушанымі перасяленцамі.
Калі здарылася трагедыя на Чарнобыльскай АЭС, Галіна Ядчанка разам з мужам і двума дзецьмі жыла ў вёсцы Вуглы Нараўлянскага раёна, які найбольш пацярпеў у аварыі. На той момант тут пражывала больш за 800 чалавек. Вёска была цэнтральнай сядзібай саўгаса “Партызанскі”. У ёй размя­шчаліся сярэдняя школа, бібліятэка, Дом культуры, агароднінасушыльны завод, аддзяленне сувязі і ФАП, 2 магазіны і філіял ашчаднай касы. Моладзь пасля вучобы вярталася жыць і працаваць на малую радзіму, гаспадарка развівалася, будавалася жыллё. Усё загубіў і разбурыў страшны атамны агонь Чарнобыля.
Галіна Мікалаеўна успамінае, як раніцай 26 красавіка 1986 года сяльчане выходзілі на вуліцу і не маглі зразумець, чаму ўсё наваколле зацягнута непрагляднай шэрай імглой, а дахі дамоў, мэбля і адзенне былі абсыпаны нейкім бліскучым попелам. Аб прычынах і наступствах яны даведаліся пазней…
У той жа дзень у вёсцы з’явіліся людзі ў ваенным адзенні, якія бралі пробы вады і глебы, у небе кружылі самалёты і верталёты. Салдаты ў засцерагальных касцюмах з дапамогай спецтэхнікі мылі дахі і сцены будынкаў, на калодзежах хутка ўстанаўлівалі драўляныя збудаванні. Усё гэта, канешне ж, палохала сяльчан. Навіну аб выбуху на Чарнобыльскай АЭС паведаміў дырэктар школы ў Вуглах, бо ён на той час жыў у Прыпяці.
Галіна Ядчанка ў 1986 годзе працавала выхавальнікам у мясцовым дзіцячым садку. Па словах жанчыны, з кожным днём у дашкольную ўстанову прыводзілі ўсё менш і менш дзетак: многія бацькі забіралі малых і выязджалі з забруджанай тэрыторыі. У адзін з майскіх дзён садок увогуле апусцеў. Вось тады і Галіна Мікалаеўна разам з мужам прынялі рашэнне паехаць на некаторы час да сваякоў. Гаспадар застаўся дома, а маладая маці з сынам-першакласнікам і 4-гадовай дачкой накіравалася да стрыечнай сястры ў Калінкавічы, праз месяц перабраліся да брата ў Севастопаль. Потым іх запрасіў да сябе татаў брат у Кранштат. Па прыездзе ў Ленінград усіх, хто быў з Беларусі, правялі асобна ад іншых пасажыраў. Як аказалася, трэба было прайсці абследаванне на радыёактыўнае забруджванне. Адзенне Галіны Мікалаеўны і дачкі Тані “засвяцілася”, і іх накіравалі на каранцін, сына забралі дадому сваякі. 10 дзень жанчына разам з дачкой правялі ў закрытым боксе. Пагасцявалі яны ў Кранштаце дзесьці каля месяца, потым патэлефанаваў муж і сказаў, што жыхароў вёскі плануюць эвакуіраваць. Так яны зноў вярнуліся ў Вуглы.
Момант эвакуацыі жанчына і зараз успамінае са слязамі на вачах: яны з мужам толькі зрабілі ў доме рамонт, набылі мэблю, планавалі далейшые жыццё. Страшна было мяняць звыклы лад, работу, прывыкаць да новых людзей, да новых мясцін.
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Нараўлянскага раёна і Гомельскай вобласці жыхары Вуглоў даведаліся, што вывозіць іх будуць у Жлобінскі раён. Але пакуль жыллё для перасяленцаў было на стадыі будаўніц­тва, размяшчалі людзей у часовых будынках і вясковых дамах. Ядчанкі да апошняга дня не спяшаліся пера­язджаць, чакалі…
Аднойчы калега мужа праязджаў праз Кіраўскі раён у Горкі і сустрэў у Скачку тагачаснага старшыню калгаса “50 год БССР” Івана Зайцава, які і запрасіў маладых спецыялістаў-перасяленцаў жыць і працаваць на Кіраўшчыну. Так, 24 верасня 1986 года 8 сем’яў з в.Вуглы Нараўлянскага раёна перабраліся ў в.Хвайніца, дзе ім уручылі ключы ад кватэр у новым двухпавярховым доме.
Галіна Мікалаеўна пайшла працаваць выхавальнікам у мясцовую дашкольную установу, муж – заатэхнікам у калгас, сына аформілі ў школу, дачку – у садок. Жыццё пакрысе наладжвалася, паступова “перасяленцы”, як іх называлі сяльчане, адаптаваліся да новых умоў, прызвычаіліся да мясцовых парадкаў, пасябравалі з аднавяскоўцамі.
Працяглы час Галіна Ядчанка загадвала сельскім клубам у в.Хвайніца, пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў калектыў мастацкай самадзейнасці. Аднавяскоўцы ведаюць яе як чулага і добразычлівага чалавека, які ніколі не адмовіць у дапамозе і падтрымцы.
Штогод на Радаўніцу Галіна Мікалаеўна разам з дзецьмі ездзіць на сваю малую радзіму ў в.Гамарня, дзе пахаваны ўсе сваякі. Гэтай маленькай вёсачцы ўжо даўно няма на карце Нараўлянскага раёна, як і яшчэ 35-ці населеных пунктаў, якія зніклі ў чарнобыльскім атамным полымі назаўсёды.
Па словах жанчыны, кожны раз, прыязджаючы ў месца, дзе прайшлі гады дзяцінства і юнацтва, яе сэрца шчы­міць падчас успамінаў аб шчаслівым дачарнобыльскім жыцці. Дзесьці год 5 таму Ядчанкам давялося пабываць і ў Вуглах. У вёсцы і дагэтуль на ўездзе стаяць вайскоўцы, якія ахоўваюць зону адсялення, а былых жыхароў, якія сюды прыязджаюць час ад часу, сустракаюць паўразбураныя дамы і будынкі ды буйная квецень адзічэлых садоў. Кіраўшчына ўжо даўно стала для Галіны Ядчанка другой радзімай, але мілыя сэрцу мясціны Нараўляншчыны застаюцца ў памяці назаўсёды…
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость