Темы

Страляючыя лыжнікі з Кіраўшчыны — у ліку лепшых!

Страляючыя лыжнікі з Кіраўшчыны — у ліку лепшых!

Каманда юных біятланістаў Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева — удзельніца абласных спаборніцтваў «Снежны снайпер»

Бронзавыя прызёры абласных спаборніцтваў «Снежны снайпер» Крысціна Лазарава і Анастасія Котава

Як паведамлялася ўжо ў “Кіраўцы” і на сайце «раёнкі»,  у Магілёве прайшоў абласны этап рэспубліканскіх  спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У Пячэрскім лесапарку, дзе праходзіла лыжная траса і размяшчаліся агнявыя рубяжы, сабралася больш за 270 удзельнікаў ва ўзросце 11-16 год з 23 каманд рэгіёна — пераможцы на мясцовых этапах. 

Нагадаем, што на нядаўніх раённых спаборніцтвах бліскуча выступілі юныя біятланісты Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева, якія сталі пераможцамі ва ўсіх узроставых групах у камандным заліку, а таксама паказалі лепшыя рэзультаты ў асабістым. Менавіта гэтай зборнай, як, да слова, і ў мінулыя гады, і было даручана абараняць гонар раёна ў абласным цэнтры. Аб тым, як праходзілі спаборніцтвы, нам расказаў кіраўнік каманды, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева Валерый Вароніч:

— Спаборніцтвы праходзілі на працягу трох дзён  і ўключалі ў сябе дзве біятлонныя дысцыпліны — спрынт і эстафету. Традыцыйна фаварытамі спаборніцтваў “Снежны снайпер” на Магілёўшчыне з’яўляюцца прадстаўнікі Хоцімскага і Клімавіцкага раёнаў. І яны зноў пацвердзілі свой статус. Асабліва хацімчане, якія перамаглі ва ўсіх узроставых групах камандных гонак. Юныя біятланісты з Кіраўшчыны, шліфуючы свае ўменні, з кожным годам паказваюць усё больш высокія рэзультаты. І вось сёлета паўлавіцкія школьнікі смела ўмяшаліся ў барацьбу за ўзнагароды са спартсменамі мацнейшых каманд вобласці.

У выніку напружаных лыжных гонак і стрэльбаў на агнявых рубяжах самыя малодшыя нашы прадстаўнікі змаглі камандай заваяваць бронзавыя ўзнагароды. Лепшы вынік паказалі страляючыя лыжнікі з Кіраўшчыны у старэйшай групе: яны сталі ўладальнікамі “срэбра”, адсунуўшы на трэцяе месца каманду Клімавіцкага раёна. І толькі ў сярэдняй групе нашым рабятам давялося крыху шкадаваць: яны сталі чацвёртымі. Але ці варта засмучацца такому высокаму месцу?.. А наогул сёлетняе выступленне каманды з Кіраўшчыны было самым паспяховым за ўсю гісторыю правядзення абласных біятлонных спаборніцтваў.

Вызначыліся нашы паўпрэды і ў асабістым заліку. Дзве “бронзы” — на рахунку нашых дзяўчат. На прыступку п’едэстала гонару трапілі Анастасія Котава ў сярэдняй групе і Крысціна Лазарава ў старэйшай.

Па выніках спаборніцтваў з ліку лепшых юных біятланістаў сфарміравана зборная каманда Магілёўскай вобласці, якая з 4 па 10 лютага будзе прадстаўляць Прыдняпроўскі край у фінальным этапе “Снежнага снайпера” ў спорткомплексе “Раўбічы”. У састаў увайшлі вышэй названыя прадстаўніцы нашага раёна. Яшчэ трое рабят з Паўлавіцкай школы ўключаны ў рэзерв: Аліна Дырыкава і Андрэй Собалеў з малодшай групы, Радзівон Раманоўскі — са старэйшай групы.

Трэба адзначыць, што спаборніцтвы “Снежны снайпер” зноў прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні і сталі аднымі з самых масавых. Дарэчы, кожны раз падчас іх правядзення ў юных біятланістаў мелася магчымасць сустрэцца і пагутарыць са знакамітымі спартсменамі мінулых часоў. У розныя гады на спаборніцтвы прыязджалі Сяргей Булыгін, Святлана Парамыгіна, Алег Рыжанкоў, Ігар Басінскі, Алена Зубрылава, Сяргей Далідовіч,  Дар’я Домрачава, Людміла Ананька. Сёлетнія гонкі не сталі выключэннем: з юнымі біятланістамі вобласці сустрэўся сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2010 года, двухразовы чэмпіён Еўропы Сяргей Новікаў. Так што, з пазітыўным настроем рабяты вярталіся дадому не толькі ад удалага выступлення, а і ад сустрэчы з легендарным біятланістам.

 

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость