Темы

Яго пяру падуладны і вершы, і проза

Яго пяру падуладны  і вершы, і проза

imag5e007

6 снежня наш славуты зямляк з аг.Добасна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі В.Д.Савіцкі адзначыць 80-гадовы юбілей. Прычым, на працягу шасці дзесяцігоддзяў ён піша вершы, апавяданні, нарысы. Друкаваўся на старонках “Кіраўца”. У 1987 г. выдавецтвам “Мастацкая літаратура” выдадзена яго кніга “Радость земли”, а праз два гады — “Опаленные восходы”.

Першыя паэтычныя спробы прыйшліся на армейскія гады, калі ён служыў курсантам у вучэбна-танкавым батальёне. У 1955 г. (дарэчы, своеасаблівы юбілей, калі адбыўся дэбют аўтара) у часопісе “Советский воин” быў надрукаваны яго першы верш, што паслужыла своеасаблівым штуршком для Віталя Савіцкага — гэта і прызнанне яго паэтычных здольнасцей, і маральнае задавальненне, і стымул для стварэння новых твораў.
Пасля на старонках армейскай перыёдыкі пачалі з’яўляцца яго апавяданні, нарысы. Віталь Дзмітрыевіч працягваў друкавацца і падчас вучобы ва Ульянаўскім танкавым вучылішчы, і калі праходзіў службу ў якасці камандзіра танкавага ўзвода, потым роты ў Мар’інай Горцы.
Па словах пісьменніка, менавіта служба ў арміі пасадзейнічала таму, што ён склаўся, як рускамоўны аўтар. У яго выпрацаваўся асабісты почырк, стыль пісьма, свая манера падачы мастацкага твора, таму пераклад з рускай мовы міжволі можа парушыць яго мастацкія прыёмы і вобразы.
На жаль, наш зямляк зусім мала напісаў твораў на роднай мове. У адным з вершаў Віталь Дзмітрыевіч адзначае: “То на “трасянцы” мы гамонім, то болей на расійскі лад”. І ўсё ж ён верыць, што не за гарамі той час, калі “добрапрыстойна загаворыць па-беларуску беларус!”
Звольніўшыся ў 1966 г. з арміі па стане здароўя, Віталь Савіцкі працаваў на меліярацыйных аб’ектах у Бялыніцкім і Пухавіцкім раёнах, на прадпрыемствах Віцебска, дзе нераспешчаны лёсам з апаленага вайной дзяцінства ён добрасумленна працуе, а таксама працягвае пісаць прозу і вершы. Яго творы друкуюцца на старонках часопісаў “Нёман”, “Маладосць”.
Увесь час Віталя Дзмітрыевіча не пакідаюць думкі аб вяртанні на малую радзіму, і ў 35-гадовым узросце ён прыязджае ў родную вёску, дзе некалі нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і, адкуль хадзіў пешшу ў Жылічы на заняткі ў сярэднюю школу, і застаецца назаўсёды — жыць і працаваць на бацькоўскай зямлі.
Менавіта тут, у Добасне, найбольш поўна раскрываецца талент нашага земляка — ён піша вершы аб роднай зямлі, замалёўкі і артыкулы пра сваіх аднавяскоўцаў, сярод якіх — нямала людзей з цікавымі жыццёвымі гісторыямі, працавітых, адданых сваёй малой радзіме. Большасць з іх становяцца прататыпамі герояў яго апавяданняў і аповесцей. Сяльчане, чытаючы творы Савіцкага, праводзілі адпаведныя паралелі паміж імі і жыхарамі вёскі, пры гэтым пазнаючы многіх.
Віталь Дзмітрыевіч прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, наладжваемых у мясцовай бібліятэцы, сярэдняй школе, на раённым узроўні. І заўсёды з задавальненнем чытаў свае вершы, даваў карысныя парады пачаткоўцам. Вельмі ўзнёсла распавядаў Віталь Са-віцкі аб выпадковай сустрэчы ў Мінску ў свой час са славутым аўтарам “Міколкі-паравоза” Міхасём Лыньковым, аб іх зацікаўленай размове і цёплым поціску яго рукі.
Наш зямляк — надзіва “аўтабіяграфічны” пісьменнік, калі можна так сказаць, у дачыненні да яго духоўнага свету, пэўных знешніх вехаў жыцця, якія займаюць не апошняе месца ў яго творчасці. Аўтабіяграфічнасць праяўляецца паўсюдна: не толькі пры звароце на самога сябе, свае ўнутраныя перажыванні і перакананні, але і ў шматлікіх творах, артыкулах, у якіх аўтар выказваў сваю цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, а таксама пейзажных замалёўках, дзе ўзгадваецца той ці іншы куток роднай зямлі.
Згадзіцеся, гэта дарагога каштуе — бо ўзбагачае чытача ведамі аб родных мясцінах, прывівае павагу і любоў да роднага краю, дапамагае ўсвядоміць, адчуць сувязь напісанага з жыццём. Пры гэтым аўтарскае “я” быццам бы адступае на другі план, але ўсё ж нябачна прысутнічае, калі ўчытацца ўважлівей, са створаных Віталем Савіцкім твораў можна нямала даведацца пра яго багаты ўнутраны свет. Свет Віталя Дзмітрыевіча можа здацца абмежаваным у прасторавых адносінах, у ім, здаецца, зусім няма выпадковых людзей, а кожны з герояў твораў па-свойму вельмі дарагі аўтару: вайсковец, брыгадзір, даярка, просты працаўнік…
Зноў і зноў вяртаючыся да твораў Віталя Савіцкага, разумееш, што яны не паўтараюць адзін другога, што ў іх увасабляецца не толькі навакольны свет, а яшчэ і багатая душа пісьменніка — ад самоты да радасці, ад горычы да пяшчоты, ад дрэннага надвор’я да радасці роднай зямлі, на якой і жыве талент. Віншуем са святам нашага самавітага земляка!
Таццяна БАРАДЗІНА,
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость