Каб правесці жніво ў аптымальныя тэрміны

Сёлета сельгасарганізацыям раёна прадстаіць убраць: рапс — на 3157 гектарах, збожжавыя і зернебабовыя (без кукурузы) — на 14545 гектарах, кукурузу на зерне — на 1985 гектарах. Плануецца атрымаць валавы збор збожжавых і зернебабовых без кукурузы ў бункернай вазе 80450 тон, выканаць дзяржзаказ па пастаўцы збожжа ў колькасці 10960 тон.
Яшчэ не затух напал работ на “зялёным жніве”, а час прыспешвае ўжо думаць аб прадстаячай уборцы збожжавых і зернебабовых культур ураджаю-2011. Як заўжды, усе нюансы падрыхтоўкі і правядзення гэтай самай адказнай сельскагаспадарчай кампаніі за пэўны час да яе пачатку абмяркоўваліся на пасяджэнні райвыканкама з удзелам спецыялістаў райсельгасхарчу, кіраўнікоў сельгасарганізацый. А для таго, каб больш відавочным было ўсё тое, што неабходна зрабіць да старту жніва, пасяджэнне было выязным, праводзілася на гэты раз на базе СВК “Бераснёўскі”. На мехдвары гаспадаркі, у рамонтна-механічнай майстэрні, на складах, на тэрыторыі збожжатока і далей — на плянарным пасяджэнні ішла прынцыповая размова па ўсіх пытаннях арганізацыі ўборкі ўраджаю.
Гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі — адзін з самых важных фактараў паспяховага правядзення жніва. Старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў звярнуў увагу прысутных на тое, што за апошнія чатыры гады істотна памяняўся камбайнавы парк сельгасарганізацый раёна, у их з’явілася шмат новай тэхнікі, і калі раней бывала, што ў самы пік жніва з-за прастояў тэхнікі ў час паломак павялічваліся тэрміны ўборкі, то зараз створаны ўсе перадумовы для зябеспячэння правядзення ўборкі ўраджаю ў аптымальныя тэрміны. Задачы па намалотах пастаўлены перад раёнам сур’ёзныя — амаль на 35% вышэй леташняга ўзроўню, але з улікам праведзеных падрыхтоўчых работ дасягненне запланаванага ўпаўне рэальна.
Важнае пытанне, на якім асабліва сканцэнтраваў увагу старшыня райвыканкама, — не дапусціць страт збожжа на ўсіх этапах уборачных работ.
На мехдвары СВК “Бераснёўскі” ўдзельнікі пасяджэння назіралі на лінейцы гатоўнасці 6 збожжаўборачных камбайнаў. Яны, адзначыў старшыня сельгаскааператыва В.Б.Таркан, у пераважнай большасці практычна новыя. Старшыня праінфармаваў аб захадах, зробленых у гаспадарцы дзеля атрымання ў гэтым годзе добрага ўраджаю і запэўніў, што ў іх ёсць усе магчымасці выканаць пастаўленыя задачы.
На гэты дзень не былі закончаны работы па рамонце збожжаўборачных камбайнаў у СВК “Калгас “Ніва”, “Чырвоны баец”, “Добасна-агра”, РУП “Жылічы”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Іх поўную гатоўнасць сельгасарганізацыям неабходна забяспечыць да 15 ліпеня, як і гатоўнасць зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, вагавага абсталявання, ачыстку складоў для захоўвання збожжа і іх дзезінсекцыю.
Вельмі важнае пытанне, на якім была засяроджана ўвага прысутных, — забеспячэнне строгага захавання на жніве правілаў аховы працы, пажарнай і транспартнай бяспекі.
Начальнік РАНС Д.А. Рошчын праінфармаваў, як павінен быць укамплектаваны камбайн згодна патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі, а таксама нагадаў аб забароне выпальвання сцярні, саломы і аб тым, што за гэта прадугледжаны самыя жорсткія санкцыі.
Прысутным паказалі, як неабходна аснасціць машыну тэхдапамогі, каб у палявых умовах можна было выканаць неабходныя рамонтныя работы.
У ходзе абмеркавання пытанняў уборкі ўраджаю ў магчымых няпростых пагодных умовах старшыня райвыканкама У.У. Піскіжаў паставіў задачу стварыць на базе райаграпрамтэхзабеспячэння рэзервовы фонд неабходных для рамонту збожжаўборачнай тэхнікі запасных частак.
Увага была нададзена пытанням арганізацыі належнага і якаснага харчавання ўдзельнікаў уборачнай кампаніі, стварэння неабходных бытавых умоў, забеспячэння медыцынскага абслугоўвання. Ішла размова і аб тым, як будзе наладжана працоўнае спаборніцтва на жніве, у тым ліку і сярод маладзёжных экіпажаў, а таксама аб забеспячэнні яго галоснасці.
А для таго, каб камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы збожжа былі дасведчаны аб умовах аплаты працы на жніве, прэміравання, натуральнай аплаты, у кожнага павінна быць папка з гэтай і іншай карыснай для іх інфармацыяй.
Першы этап жніва — уборка рапсу. Ужо на гэтым тыдні мяркуецца прыступіць да ўборкі азімага рапсу, далей надыдзе чарга яравога.
Як адзначыў намеснік старшыні райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскі, з улікам пагодных умоў уборку давядзецца праводзіць пры павышанай вільготнасці зерня, таму будзе дадатковая нагрузка на сушыльную тэхніку. Трэба задзейнічаць і такі метад, як плюшчэнне зерня.
Увага прысутных кіраўнікоў гаспадарак была сканцэнтравана на неабходнасці скрупулёзна паставіцца да арганізацыі ўборкі саломы з палёў і дакладна вызначыць, колькі яе неабходна запрэсаваць, колькі заараць, каб на нівах раёна назіраўся парадак.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.