Каб дасягнуць новых рубяжоў

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за 2011 год былі падведзены на чарговым пасяджэнні райвыканкама з удзелам намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Агеева, намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Аляксея Іглікава, намесніка начальніка фінансавага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Алены Сергіенка.
Акцэнт —
на параметры якасці
Пры вызначэнні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў на 2011 год Урадам краіны была пэўным чынам зменена іх структура і зроблены акцэнт на параметры, характарызуючыя якасць работы, дзеля чаго ўведзены шэраг новых паказчыкаў. Асноўны з іх — валавы рэгіянальны прадукт, даведзены на ўзроўні вобласці, свой жа ўклад у яго выкананне ўносіў кожны з раёнаў.
Сярод даведзеных паказчыкаў, над выкананнем якіх працавалі і калектывы прадпрыемстваў, арганізацый нашага раёна — узровень рэнтабельнасці продажу ў сельскагаспадарчых арганізацыях, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары (работы, паслугі), экспарт паслуг, сальда знешняга гандлю паслугамі, колькасць занятых у эканоміцы.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, нягледзячы на тое, што шэраг ранейшых паказчыкаў быў выключаны з сістэмы прагнозных, дзеля больш аб’ектыўнага і ўсебаковага падыходу ў ацэнцы развіцця нашага рэгіёна ім таксама надавалася значная ўвага на працягу мінулага года. Але, падкрэсліў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, стараліся эфектыўна працаваць не дзеля высокіх працэнтаў і лічбаў, а каб вырашыць галоўнае пытанне — павысіць узровень і якасць жыцця насельніцтва раёна.

Задача
павышэння зарплаты
застаецца
актуальнай
Абагульняючы паказчык работы прадпрыемстваў і арганізацый — рэзультат фінансавай дзейнасці. Народнагаспадарчым комплексам раёна па выніках работы за студзень — лістапад мінулага года атрымана 30 млрд. рублёў чыстага прыбытку, у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года ён павялічыўся ў 2 разы.
Прыбытак ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг у бягучых цэнах склаў 27,2 млрд. рублёў (павялічыўся ў 2,6 раза).
Рэнтабельнасць продажу дасягнута ў памеры 8,2% (студзень — лістапад 2010 г. — 5,3%), рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг — 10,2% (6,3%).
У той жа час у раёне з’явілася стратная арганізацыя — ПМК-255.
Асаблівы акцэнт пры аналізе вынікаў мінулага года быў зроблены на дасягнутым узроўні заработнай платы. Як заўважыў старшыня райвыканкама, тут не можа быць задаволенасці становішчам спраў. Хаця тэмпы росту зарплаты за студзень — лістапад мінулага года да адпаведнага перыяду папярэдняга склалі па раёне 157%, што больш сярэднеабласных і сярэднерэспубліканскіх, узровень аплаты працы атрыманы невысокі — 1 361,5 тыс. рублёў; таму задача яго павышэння застаецца актуальнай і пастаянна знаходзіцца на кантролі ўвертыкалі ўлады. І ў ходзе абмеркавання з кіраўнікамі працоўных калектываў гэтай тэмы, адзначыў Уладзімір Піскіжаў, іх увага заўсёды акцэнтуецца на тым, што калі не будзе аб’ектыўна ацэньвацца працоўны ўклад і дастойна аплачвацца праца нашых людзей, то яны і далей будуць шукаць заробкі за межамі раёна…

“Плюсы” і “мінусы”
ў рабоце
Увогуле з 14 паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Кіраўшчыны, вызначаных на 2011 год, забяспечана выкананне 8-мі.
Дасягнуты прагназуемы ўзровень рэнтабельнасці продажу ў сельгасарганізацыях: за студзень — лістапад ён склаў 11,6% пры прагнозе на год 9 — 11%.
Выкананы мэтавы паказчык па энергазберажэнні: мінус 6% пры такім жа заданні.
Значна перавышаны параметры прагнозу па тэмпах росту экспарту тавараў і паслуг, сальда знешняга гандлю паслугамі.
Тэмп росту экспарту тавараў склаў 171,4% да ўзроўню 11-ці месяцаў папярэдняга года пры прагназуемым на год 124,5%.
Стабільная сітуацыя захоўвалася на рынку працы. Дасягнуты ўзровень рэгіструемага беспрацоўя — 0,8% (заданне на канец года — 1,2%). За кошт усіх крыніц фінансавання створана 180 новых рабочых месц.
Тэмп росту аб’ёму вытворчасці валавой сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 108,3% пры заданні 107%. У цэлым заданне перавыканана, але асобныя гаспадаркі не справіліся з даведзенымі параметрамі: СВК “Чырвоны баец”, “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Добасна-агра”, РАПТЗ.
Значнае месца ў ходзе пасяджэння райвыканкама было адведзена аналізу прычын невыканання асобных паказчыкаў прагнозу і вызначэнню напрамкаў павышэння эфектыўнасці работы.
Як мы ўжо адзначалі ў гэтых нататках, не зусім плённа папрацавалі некаторыя арганізацыі ў плане павышэння заработнай платы, у выніку не забяспечана выкананне даведзенага раёну задання. Сярод іх — 6 арганізацый абласной камунальнай уласнасці і 9 філіялаў рэспубліканскіх прадпрыемстваў і, як за-ўважыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пекліна, не заўсёды ўдаецца знайсці ўзаемаразуменне з іх вышэйстаячымі структурамі ў вырашэнні ўказанага пытання.
Па выніках мінулага года ў асноўным з-за недастатковага фінансавання не выканана заданне па ўводу ў эксплуатацыю жылля.
Тлумачэнні прычын стратнай дзейнасці ПМК-255 даваў яе кіраўнік Валерый Бабарыка. Сярод іншых праблем арганізацыі ён назваў недахоп кваліфікаваных кадраў. Валерый Бабарыка выказаў сваё бачанне напрамкаў работы падначаленага калектыву на бягучы год.
Райвыканкамам кіраўніцтву ПМК-255 даручана да 30 студзеня распрацаваць канкрэтныя мерапрыемствы па фінансавай стабілізацыі арганізацыі на 2012 год і прадставіць у аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама на абарону.
У ходзе пасяджэння была падкрэслена значнасць для развіцця раёна актывізацыі дзейнасці па забяспечэнні росту аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал па падначаленых камунальных унітарных арганізацыях, гаспадарчых таварыствах, у якіх Кіраўскі раён валодае акцыямі (долямі ў статутным фондзе) ў памеры больш 50%, а таксама прыцягнення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове — гэтыя паказчыкі прагнозу па выніках мінулага года не былі выкананы.
Колькасць занятых у эканоміцы раёна за студзень — лістапад мінулага года склала 8453 чалавекі пры прагнозе на год 8700 чалавек. У напрамку павелічэння занятых у эканоміцы адказным структурам прадстаіць плённа працаваць у надышоўшым годзе.

Сітуацыя
на спажывецкім
рынку
Значная ўвага ў ходзе пасяджэння была нада-дзена становішчу спраў на спажывецкім рынку раёна, дзейнасці спажыўкааперацыі. Канстатавалася, што летась тут адзначалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння тавараабароту, у выніку чаго пры недаборы рознічнага тавараабароту гандлю ў цэлым па раёне, значная доля адставання ад запланаванага ўзроўню прыйшлася на райспажыўтаварыства. Знізілася на 2,5 працэнтных пункта да папярэдняга года і яго доля ў сферы гандлю. Таму кіраўніцтву райспажыўтаварыства райвыканкамам даручана распрацаваць комплексную сістэму мер, накіраваную на дасягненне ў бягучым го-дзе прагнознага паказчыка па рознічным тавараабароце гандлю і грамадскага харчавання, насычэнне спажывецкага рынку таварамі, недапушчэнне зніжэння іх асартыменту.
Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю РБ Аляксандр Агееў засяродзіў увагу прысутных на парушэннях, выяўленых у сферы гандлю нашага раёна ў ходзе праведзенага напярэдадні маніторынгу і падкрэсліў, што за рэалізацыю няякаснай харчовай прадукцыі і далей вінаватыя будуць несці самую жорсткую адказнасць.
Рашэннем райвыканкама прадугледжаны меры адказнасці кіраўнікоў, не забяспечыўшых выкананне прагнозных паказчыкаў і заданняў за 2011 год.
Свае меркаванні па розных пазіцыях, аб якіх ішла размова ў ходзе пасяджэння райвыканкама, выказалі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, аблвыканкама.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.