Па пытаннях рэлігіі і грамадскай дзейнасці

На мінулым тыдні прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў у райвыканкаме ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка.
У межах візіту ў раён адбылася яго сустрэча з кіраўнікамі і прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Кіраўшчыны.

— Калі выязджаю ў рэгіёны праводзіць прыёмы грамадзян, практыкую сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, — адзначыў на пачатку сустрэчы Леанід Паўлавіч. — Каб выслухаць хвалюючыя іх пытанні, магчыма, дапамагчы ў вырашэнні праблем. Заўсёды зыходжу з адзінага прынцыпу: дзяржаўная ўлада працуе з грамадзянамі Беларусі ў адным накірунку з рэлігійнымі лідарамі, якія працуюць з веруючымі прыхаджанамі — тымі ж грамадзянамі нашай краіны. Мы разам высвятляем агульныя пытанні сучаснага грамадства, напрыклад, падтрымку мацярынства, праблемы абортаў. У нашых агульных інтарэсах памяншэнне колькасці фактаў перарывання цяжарнасці, разводаў. Аднак ёсць пытанні, якія дзяржава і царква вырашаюць рознымі шляхамі.
У шэрагу такіх Леанід Гуляка акрэсліў, да прыкладу, адвод зямлі пад будаўніцтва храмаў. Так, летась з 78 просьб аб узгадненні месцаў адводу было падтрымана толькі 39.
— Гэта адбываецца з-за няведання ў поўнай меры заканадаўчай базы, — растлумачыў Леанід Паўлавіч. — У падобных пытаннях трэба абавязкова да дробязей прытрымлівацца парадку і патрабаванняў заканадаўства. Узвядзенне будынку культавай установы павінна быць абавязкова ўзгоднена з органамі ўлады.
Падчас размовы былі таксама прыведзены дадзеныя: на сённяшні дзень ў краіне будуецца 135 праваслаўных храмаў, каля 50-ці каталіцкіх.
Леанід Гуляка заклікаў рэлігійных лідараў уважліва ставіцца да работы з падрастаючым пакаленнем, сустрэчы і лекцыі ў школах трэба наладжваць таксама згодна заканадаўства.
Былі ўзняты і абмеркаваны іншыя пытанні, а напрыканцы сустрэчы Леанід Паўлавіч падкрэсліў:
— У Кіраўскім раёне няма і намёкаў на сітуацыі, якія сведчылі б аб канфліктах органаў улады з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, а таксама паміж веруючымі розных накірункаў. Жадаю, каб так працягвалася і далей.
Пасля Леанід Гуляка правёў яшчэ адну сустрэчу — з членамі раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Яе старшыня Васіль Маркевіч праінфармаваў, што ў раёне дзейнічае 47 пярвічак, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах 616 чалавек. Рух “Белай Русі” на Кіраўшчыне пачаў актывізавацца напрыканцы 2008 года ў асноўным дзякуючы актывістам з настаўніцкага асяроддзя. Дарэчы, і зараз настаўнікі складаюць значную частку членаў арганізацыі.
Раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” прымае актыўны ўдзел ў грамадскім жыцці, масавых мерапрыемствах культурнага і сацыяльнага накірунку. Цесна супрацоўнічае з раённай уладай і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі.
Падчас гутаркі дырэктар Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзімір Белы прапанаваў актывістам “Белай Русі” наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з моладдзю — членамі пярвічкі ГА “БРСМ” навучальнай установы, падрастаючае пакаленне, на яго думку, — патэнцыяльны рэзерв “Белай Русі”.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.