Жыццё, падзеленае на дзве часткі

ernob

Чарнобыль. 28 гадоў таму ад гэтага слова ўскалыхнуўся ўвесь свет, чорнае крыло некіраванага мірнага атама ўварвалася страшнай трагедыяй у лёсы соцень тысяч людзей. У адно імгненне невялікі ўкраінскі гарадок стаў сімвалам смутку, спачування і страт, аб’яднаўшы мноства людзей аднымі ўспамінамі,  адным болем, аднымі спадзяваннямі. Чарнобыльская трагедыя не прайшла для чалавецтва бясследна, яе наступствы яно адчувае і сёння.

Сярод 130 тысяч беларусаў, якім давялося па-кінуць сваю малую радзіму і стаць перасяленцамі, — сям’я Івана Пятровіча і Любові Гардзееўны Шубянок.
Іх дзяцінства і юнацтва прайшлі ў в.Піркі Брагін-скага раёна Гомельскай вобласці, там жа нарадзіліся і пяцёра іх дзяцей (дзве дачкі і тры сыны). Вельмі прыгожая была вёска, успамінае Іван Пятровіч, дыхтоўныя дамы, школа, дзіцячы садок, вялікі стадыён, возера з празрыстай вадой і вялікай колькасцю рыбы, вакол — лясы, багатыя на ягады і грыбы. І людзі былі вясёлыя, шчаслівыя, дружна адзначалі ўсе святы. Ад гэтых успамінаў на вачах пажылых людзей навярнуліся слёзы.
Аб чарнобыльскай трагедыі Шубянкі даведаліся ў дзень аварыі. Іван Пятровіч знаходзіўся ў той час на лячэнні ў райбальніцы, там і сустрэў гэтую навіну. Любоў Гардзееўна разам з аднавяскоўцамі шчыравала на саўгасных палетках. Аб тым, што здарылася нешта страшнае, ніхто не здагадваўся і толькі кружыўшыя ў небе верталёты крыху непакоілі людзей. Вярнуўшыся ў вёску, жанчына даведалася, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся выбух. Аб тым, што чакае іх наперадзе, ніхто з вяскоўцаў і не здагадваўся…
28 красавіка гаспадар выпісаўся з бальніцы. Надвор’е стаяла спякотнае, вырашылі саджаць бульбу. Некаторыя з суседзяў, убачыўшы іх на агародзе, запытвалі, навошта яны гэта робяць, усё роўна ўсіх адсюль выселяць. Не верылася ім, што сабраць ураджай яны не паспеюць…
Дзень 4 мая 1986 года Шубянкі памятаюць да дробязей, нібыта адбылося ўсё гэта нядаўна. Напярэдадні ім паведамілі, каб не выганялі ў поле кароў, усіх парсюкоў, што былі ў хатняй гаспадарцы вяскоўцаў, пагрузілі на машыны і павезлі на мясакамбінат. З сабой да-зволілі ўзяць толькі дакументы і пасцельныя прыналежнасці. Як сціскалася сэрца ад болю і пачуцця страты, калі давялося пакідаць родныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства і лепшыя гады жыцця, дзе нарадзіліся і выраслі дзеці, дзе пахаваны бацькі. Пры гэтых словах у жанчыны па шчацэ пацяклі два празрыстыя ручайкі слёз…
Эвакуіравалі Шубянкоў разам з іншымі піркаўцамі ў в.Углы таго ж Брагінскага раёна, размясцілі ў дамах вяскоўцаў. Вельмі складана было, успамінае жанчына, дзве сям’і ў адной хаце, дзве гаспадыні на адной кухні, ды і ўвогуле ўсё навокал было нейкае чужое: людзі, зямля, нават спевы птушак…
На сямейным савеце яны вырашылі шукаць, як гаворыцца, свой кут. А тут якраз патэлефанаваў брат Любові Гардзееўны, які пражываў у в.Любонічы, і запрасіў іх асталявацца ў нашым раёне. Вось так у 1986 годзе і знайшла сям’я Шубянок на Кіраўшчыне сваю другую радзіму.
Іван Пятровіч пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку трактарыстам, жонка да выхаду на заслужаны адпачынак шчыравала ў паляводчай брыгадзе. З удзячнасцю яны ўспамінаюць свой пераезд у Любонічы. Сустрэлі іх тут добра, гаспадарка выдзеліла дом, які пазней яны выкупілі, дапамагла агароднінай.
Кожны год на Радаўніцу І.П.Шубянок разам са сваёй вялікай сям’ёй ездзяць у в.Піркі, каб па-кланіцца магілам продкаў, і абавязкова заязджаюць у свой былы дом, успамінаюць самыя шчаслівыя гады жыцця. Па словах Івана Пятровіча, наведванне мілых сэрцу мясцін выклікае розныя пачуцці: цяжка бачыць напалову разбураныя дамы, зарослыя бур’яном прысядзібныя ўчасткі, і толькі калгасныя палеткі, на якіх зелянее будучы ўраджай, радуюць вока і даюць спадзяванне, што іх параненая зямля паўстане з попелу.
Ужо шмат гадоў Шубянкі жывуць на Кіраў-шчыне, але раз-пораз памяць вяртае іх у думках на брагінскую зямлю, на прыгожы бераг магутнага Дняпра. І мараць яны аб тым, каб не было больш у гісторыі Беларусі такіх страшных трагедый, каб людзі займаліся стваральнай працай, прыгажэла і квітнела наша краіна.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.