Вытворчасць якаснай прадукцыі — справа прыбытковая

slaboda

У межах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы ў лютым бягучага года ў райаграпрамтэхзабеспячэнні ўступіў у строй дзеючых сучасны малочна-таварны комплекс “Пацава Слабада” з двума кароўнікамі і даільным блокам, які разлічаны на ўтрыманне 570 галоў буйной рагатай жывёлы. Пакуль тут маецца 404 жывёліны, з іх 207 — дойны статак.
З пачатку работы комплексу жывёлаводы атрымалі 410 т малака, а за ліпень — 92 т. На дзяржаўныя прыёмныя пункты рэалізавана 370 т, з іх класам “экстра” — 21%, астатняе — вышэйшым гатункам. Атрыманы прыбытак у 258 млн. руб. пры рэнтабельнасці 20%. За гэтымі паказчыкамі стаіць штодзённая карпатлівая праца кожнага работніка жывёлагадоўчага аб’екта.

Калектыў на комплексе падабраўся дружны, зладжаны. Усе аператары машыннага даення, за выключэннем Валянціны Сямёнавай, якая перайшла сюды на працу з мясцовай малочна-таварнай фермы і мае пэўны вопыт работы, — навічкі. Большасць жывёлаводаў ездзяць на працу з Кіраўска: для іх дастаўкі РАПТЗ выдзяляе аўтатранспарт. Жанчыны працуюць адказна, добрасумленна, разумеючы, што ад іх стараннасці залежыць агульны канчатковы вынік. Зараз ад кожнай каровы ў суткі тут надайваюць амаль 18 кг малака.
На памер заработнай платы жывёлаводаў (а яна на комплексе — немалая) уплываюць колькасць атрыманай і якасць рэалізаванай прадукцыі, захаванне санітарных норм. А гэта, у першую чаргу, залежыць ад стаўлення да сваіх абавязкаў менавіта аператараў машыннага даення. Да парушальнікаў працоўнай дысцыпліны прымяняюцца меры матэрыяльнага пакарання, таму ў апошні час у калектыве не назіраецца падобных фактаў.
Для жывёлаводаў створаны належныя ўмовы працы і адпачынку. Паўсюдна адчуваецца гаспадарскі падыход — у кароўніках, даільнай зале і бытавых памяшканнях пануе чысціня, дваравая тэрыторыя комплексу —добраўпарадкавана. Па панядзелках і чацвяргах праводзіцца санітарны дзень.
— Дойны статак размешчаны ў двух кароўніках, у якіх укаранёны навейшыя тэхналогіі ўтрымання, — расказвае загадчыца малочна-таварнага комплексу Марына Казека.— На комплексе працуе 5 аператараў машыннага даення, якія дояць кароў з дапамогай сучасных камп’ютарызаваных установак. Для штодзённага выгулу пагалоўя маюцца вулічныя пляцоўкі. Кармы падвозіць на кормараздатчыку Васіль Храмовіч, які, акрамя працы на комплексе, яшчэ заняты на малочна-таварнай ферме. Нягледзячы на гэта, свае абавязкі ён выконвае своечасова, якасна.
За спраўнасцю сучаснага абсталявання сочаць вопытныя слесары Алег Давыдоўскі і Віталь Каранкевіч. Яны — сапраўдныя майстры сваёй справы: дэталёва разбіраюцца ў механізмах, абсталяванні, самастойна спраўляюцца з ліквідацыяй паломак.
У тым, што ў кароўніках назіраецца чысціня, — заслуга жывёлавода Фёдара Храмовіча, які кожную раніцу наводзіць тут належны парадак.
Адчувальны ўклад у агульную справу і трох вартаўнікоў, якія не толькі сочаць за захаванасцю пагалоўя і грамадскай маёмасці, але атрымліваюць і раздаюць канцэнтраты жывёле, прыбіраюць тэрыторыю вакол комплексу. А калі здараецца расцёл у начны час сутак — адымаюць нованароджанае цяля ад каровы і змя-шчаюць яго ў вызначанае для гэтых мэт месца.
Асемянатар Ганна Вашукевіч сочыць за пакрыццём цёлак, вядзе ўлік высокапрадуктыўных кароў — у першую чаргу менавіта ад іх бяруць цялят на папаўненне дойнага статка. За цялушкамі вядзецца пастаянны кантроль, пасля расцёлу сочаць за іх сутачным надоем.
Значная ўвага ў РАПТЗ надаецца забеспячэнню грамадскага статка якаснымі кармамі пад поўную патрэбу. Зараз у рацыёне рагуль — кукурузная маса, днямі плануюць дабавіць падкормку з люцэрны. Кожная карова таксама атрымлівае ў суткі ў сярэднім па 6,5 кг камбікорму.
А наогул, на прадстаячую зімоўку грамадскага статка ў райаграпрамтэхзабеспячэнні мяркуюць мець не менш 28,1 ц. к. адз., што складзе 110% да патрэбнасці. На гэтыя мэты пасеяна 850 га шматгадовых і 335 — аднагадовых культур, 500 га кукурузы на сілас, 15 га кармавых караня-плодаў. Ужо назапашана 2939 т к.адз., у тым ліку — 1439 т сена, 7420 т сенажу, 900 т сіласу.
Дзякуючы дакладнаму спалучэнню тэхналагічнай дысцыпліны, захаванню правілаў утрымання і збалансаванаму кармленню, павелічэнню колькасці прадуктыўных кароў, належнаму догляду, якаснаму ветэрынарнаму абслугоўванню пагалоўя ў сельгасарганізацыі плануюць значна павялічыць вытворчасць і рэалізацыю малака, што дасць магчымасць калектыву атрымліваць адчувальны прыбытак. А разам з тым — уносіць свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.