Стаўка — на выраб якаснай прадукцыі

sysh

У гэтыя вераснёўскія дні ля прахадной ЗТАА «Кіраўскі харчовы камбінат» можна назіраць вялікую колькасць рознай тэхнікі: тут і трактары з прычэпамі, і аўтамабілі, даверху напоўненыя яблыкамі. На прадпрыемстве гарачая пара — ідзе актыўная прыёмка вітаміннай прадукцыі. 

На дадзены момант за суткі тут перапрацоўваюць да 150 т яблыкаў, максімальная ж магутнасць загрузкі — да 200 т. Уся сыравіна ідзе на выраб канцэнтраванага соку: гэта — асноўны від прадукцыі камбіната. Для таго, каб загрузіць лінію па перапрацоўцы яблыкаў, іх прыёмку вядуць з Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцей, крыху пазней да іх далучыцца і Брэсцкая вобласць.
Па словах намесніка дырэктара харчовага камбіната Юліі Рэвяка, у бягучым годзе яблыкі для перапрацоўкі здаюць толькі прадпрыемствы. Звязана гэта з тым, што пачалі дзейнічаць новыя патрабаванні па прыёмцы сыравіны: здатчыкі абавязаны прада-стаўляць дакументацыю аб праверцы яблыкаў у акрэдытаваных лабараторыях. Вядома ж, грамадзяне за некалькі мяхоў не будуць праходзіць такую складаную працэдуру.
У мінулым годзе прадпрыемствам было перапрацавана 11 тыс. т яблыкаў, у бягучым — ураджайным на яблыкі — гэтую лічбу плануюць значна пераўзыйсці. Зараз за суткі тут вырабляюць каля 120 т свежага соку, з якога ў працэсе перапрацоўкі атрымліваюць 15 т канцэнтраванага.
Практычна ўвесь вы-творчы цыкл механізаваны, уручную праводзіцца толькі інспектаванне сыравіны: з яе выдаляецца пабочнае смецце. Пасля мыйкі яблыкі здрабняюцца, потым прасуюцца, далей атрыманы свежы сок падаграецца, ферментуецца, асвятляецца і потым канцэнтруецца (з соку выпарваецца значная колькасць вады). Дарэчы, падчас гэтага працэсу яблычны сок змяншаецца ў сярэднім у 7-7,5 раза.
Канцэнтраваны сок — вельмі запатрабаваная прадукцыя. Ён выкарыстоўваецца для вырабу адноўленых сокаў, нектараў, сокаўтрымліваючых напояў і інш.
Сярод асноўных пакупнікоў — ААТ “Оазис-Групп”, кампанія “Вимм Билль Данн” (Расійская Федэрацыя), Мінскі завод безалкагольных напіткаў, “Савушкин продукт” (Брэст) і многія іншыя. У планах кіраўніцтва камбіната — выхад на еўрапейскі рынак. Некаторыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены. Якасць сваёй прадукцыі тут пацвярджаюць не толькі пратаколамі і даследаваннямі сваёй лабараторыі, але накіроўваюць сок на праверку ў замежныя фірмы. Напрыклад, з Францыі быў атрыманы сертыфікат, які сведчыць аб тым, што канцэнтрат якасны па ўсіх паказчыках і адпавядае неабходным патрабаванням. Такія даследаванні даюць права харчоваму камбінату значна пашырыць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Напрыклад, нядаўна кіраўскім сокам зацікавіліся перапрацоўшчыкі з Германіі і Польшчы.
Работа па вырабу канцэнтрату не прыпыняецца ні на хвіліну. Працэс гэты вельмі складаны і адказны. Аднак, па словах Юліі Рэвяка, калектыў, які задзейнічаны на гэтай лініі, працуе з душой, людзі не проста ўніклі ў працэс, многія імкнуцца ўдасканальваць свае веды, цікавяцца дадатковай літаратурай. Добрасумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў Алена Лапацінская, Таццяна Карпава, Святлана Пархамовіч і іншыя. Найбольш адказны ўчастак — выпарная ўстаноўка, дзе патрабуецца асаблівая ўвага і сканцэнтраванасць. Гэтыя работы даверылі Анатолю Ушанкову, Віктару Дуброўскаму і Сяргею Елісеенку.
У сваю чаргу, кіраўніцтва камбіната імкнецца забяспечыць работнікам дастойныя ўмовы працы і яе аплату. А, як вядома, агульныя намаганні, накіраваныя на дасягненне станоўчага выніку, абавязкова дадуць свой плён.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.