Газіфікацыя населеных пунктаў працягваецца
У бягучым годзе, як і ў папярэднія, раён газазабеспячэння значную ўвагу надае газіфікацыі кватэр, уласных дамоў жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў. Так, за 10 месяцаў 33 кватэры атрымалі “блакітнае паліва” (17 — звадкаваны і 16 — прыродны газ), што складае 113,8% да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Пры гэтым 59 кватэр (з 26 запланаваных) пераведзены на прыродны газ.
Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю вулічныя газаправоды спажывецкіх кааператываў па газіфікацыі “Гагарынскі”, “Кірава 2010” і “Піянерскі” ў нашым горадзе, а таксама “Надзея” і “Будаўнік” у а/г Мышкавічы.
Спажыўцам рэалізавана 10700 тыс.м3 прырод-нага газу (у тым ліку насельніцтву — 3400 тыс.м3), а таксама 540 т — звадкаванага. Трэба адзначыць, што ў жыхароў раёна ўзрос попыт на балонны газ, якога рэалізавана вышэй планавага паказчыка на 1 т, а гэта 200 дадатковых балонаў.
Акрамя гэтага, праз аўтагазазаправачную станцыю з пачатку года прададзена 172 т звадкаванага газу, з іх 156 т — юрыдычным асобам.
Дзякуючы ўведзенаму ў дзеянне сёлета праграмнаму комплексу “Панарама”, работнікі прадпрыемства ў электронным выглядзе маюць маршрут размеркавання газаправодаў раёна. У перспектыве на яго аснове газавікі змогуць прасачыць стан газаправодаў праз электронныя планшэты.
Кіраўніцтва прадпрыемства ўжо абараніла праграму мадэрнізацыі на 2015 год, у якой прадугледжана замена абсталявання, аснашчэнне тэлеметрыяй двух шафавых рэгулятарных пунктаў, замена кранаў на стаяках на больш сучасныя шаравыя.
Работы па газіфікацыі горада і сельскіх населеных пунктаў будуць працягвацца і ў далейшым. Акрамя прыцягнення сродкаў насельніцтва, плануецца асвоіць 1,5 млрд. руб. з раённага бюджэту.
Як адзначыў начальнік прадпрыемства Генадзь Пінчукоў, калектыў — зладжаны, у ім працуюць вопытныя, старанныя, адказныя за даручаны ўчастак работы людзі. Яны разумеюць, што ад кожнага з іх залежыць агульны поспех.
Таццяна МІКАЛАЕВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.