У нас ёсць кім ганарыцца!

efrasiniya

Кіраўшчына багатая на працавітых людзей, якія праславілі і праслаўляюць свой родны край выдатнымі поспехамі. Сёння сярод нас жывуць Героі Сацыялістычнай  Працы, а таксама адзначаныя ў свой час высокімі ўзнагародамі — ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцягу, “Знак Пашаны”,  Працоўнай Славы і іншымі.

Жыхарка в.Падрэчча Ефрасіння Паўлаўна Дрозд — з кагорты тых, хто мае багаты жыццёвы вопыт. У свой час яна працавала ў паляводчай брыгадзе тагачаснага калгаса імя Кірава, затым звыш двух дзесяцігоддзяў была звеннявой па вырошчванні льну. За добрасумленную працу жанчына мае шмат урадавых узнагарод, першую з якіх — ордэн Леніна атрымала ў 1971 годзе. Праз два гады шчырай працаўніцы было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Затым у яе скарбонку дабавіўся ордэн Дружбы Народаў. Акрамя гэтага наша славутая зямлячка тройчы ўдзельнічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.
Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі да Е.П.Дрозд завіталі піянеры Мышкавіцкай СШ, якім было цікава паслухаць яе расказ аб гадах плённай працы. Жанчына таксама паказала рабятам свае заслужаныя ўзнагароды (на здымку).

…Нарадзілася Ефрасіння Паўлаўна ў невялікай вёсцы Рылаўка (непадалёку ад Падрэчча), у якой налічвалася ўсяго 9 хат і якой зараз ужо няма на карце раёна. Толькі ў сэрцах людзей засталася памяць аб ёй.
У простай сялянскай сям’і выхоўвалася сямёра дзяцей, таму да вясковай працы дзяўчынка прывучылася з маленства: разам з братамі і сёстрамі даглядала хатнюю жывёлу, апрацоўвала агарод, дапамагала маці на калгасных палетках. А калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яе бацьку, як і іншых аднавяскоўцаў, забралі на фронт. Дадому жывым ён так і не вярнуўся…
Дзяўчынка хадзіла ў школу ў Падрэчча, а пасля ўрокаў займалася хатнімі справамі. Вельмі хацелася Ефрасінні хутчэй дапамагчы сям’і ўласнымі заробкамі, таму пасля заканчэння сямі класаў адразу ж уладкавалася ў паляводчую брыгаду.
Працавала старанна, не чуралася ніякага даручэння брыгадзіра. І калі на сходзе гаспадаркі выбіралі звеннявую па вырошчванні льну — калгаснікі аднагалосна падтрымалі яе кандыдатуру. І не памыліліся. Звяно пастаянна дабівалася высокіх паказчыкаў, а добрасумленная і бездакорная праца Ефрасінні Паўлаўны адзначалася высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Яе заўсёды ставілі ў прыклад іншым калгаснікам.
Жанчына ўспамінае, як усе аперацыі па вырошчванні і ўборцы льну-даўгунцу ажыццяўлялі ўручную — зараз жа ўсё выконваецца механізаваным спосабам. Тады ў яе звяне налічвалася 40 чалавек: як возьмуцца за справу, дык толькі любуешся ўсімі. А як выйдуць на поле з сярпамі ды як заспяваюць — далёка па наваколлі чуліся вясёлыя жаночыя галасы.
У вяскоўцаў былі свае сакрэты дасягнення належных рэзультатаў, старэйшыя ка-лгасніцы дзяліліся вопытам з маладымі працаўнікамі. Сама звеннявая шмат чытала дапаможнай літаратуры, пастаянна знаёмілася з новаўвя-дзеннямі ў ільнаводчай галіне, а затым, абмеркаваўшы з кіраўніцтвам гаспадаркі і пры падтрымцы аднадумцаў, прымянялі іх на практыцы. У тыя гады звяно Дрозд здавала на перапрацоўчы завод ільнотрасту высокімі нумарамі 1.25, 1.50, 1.75.
Ефрасіння Паўлаўна даўно ўжо на заслужаным адпачынку. Але, нягледзячы на сталы ўзрост, яна па-ранейшаму бадзёрая і ўвішная, утрымлівае ў парадку дом і агарод. У склепе акуратна складзена агародніна, вырашчаная ўласнымі рукамі. На паліцах састаўлены розныя закаткі, рэцэпты прыгатавання якіх жанчына ведае на памяць. У палісадніку дацвітаюць рознакаляровыя кветкі. У пакоях радуюць вока разнастайныя зялёныя насаджэнні. А любімец гаспадыні — вядомы ўсім як “декабрист” — усыпаны ружовымі суквеццямі.
— Вялікая заслуга ў тым, чаго я дабілася ў жыцці — маёй сям’і, — падкрэсліла жанчына.— Калі працавала ў калгасе, трэба было рана ўстаць і позна легчы, каб справіцца з усімі справамі. Мне вельмі дапамагалі муж, абедзве дочкі. І зараз, калі даўно ўжо не стала гаспадара, а дзеці маюць свае сем’і і жывуць у Бабруйску, яны не пакідаюць мяне сам-насам з клопатамі. Прыязджаюць у выхадныя, усё неабходнае мне зробяць. Асабліва стараецца ўнук Сяргей: ён і агарод узарэ, і за пасевамі дагледзіць, і дом рамантуе. Таму ён такі дыхтоўны — не сорамна людзей.
Як заўважыла жанчына, ніякія ўгаворы дзяцей не прымусяць яе пакінуць родныя мясціны. Тут — спеў птушак, пеўняў, доўгія размовы на лаўцы з сяброўкамі, чыстае паветра. “Ці ж можна прамяняць усё гэта, вельмі дарагое сэрцу, на горад?”— Ефрасіння Паўлаўна непрыкметна сцерла слязіну з твару і дадала: “Зараз жыццё лепшае, толькі б час запаволіць. Пенсію атрымліваю добрую, дзеці пастаянна клапоцяцца. Два разы на тыдні ў вёску прыязджае аўтамагазін з райспажыўтаварыства, яго прыпынак — каля майго дома. Усё можна купіць, а таксама прадавец прымае заказы на патрэбныя тавары і ў абавязковым парадку іх выконвае”.
Ефрасіння Паўлаўна радуецца поспехам СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, у састаў якога увайшоў былы калгас імя Кірава. Кіраўніцтва сельгасарганізацыі не забывае пра ветэранаў працы: іх віншуюць са святамі, дораць падарункі, забяспечваюць агароднінай, аказваюць неабходную дапамогу. А самае галоўнае, як падкрэсліла жанчына, гэта — увага да яе і іншых былых працаўнікоў.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.