У Кіраўскім раёне хлеб дастаўляе своечасова

Guschin

Без хлеба не абыходзіцца ніводны чалавек  — гэта добра разумее вадзіцель райспажыўтаварыства Рыгор Гушчын, які своечасова дастаўляе яго ў гандлёвыя кропкі горада і раёна. Ён ведае, што гэты прадукт у  пакупнікоў запатрабаваны, і з-за яго не павінна быць затрымак.

Таму значную ўвагу ўдзяляе тэхнічнаму стану аўтамабіля: пастаянна правярае вузлы і агрэгаты, праводзіць прафілактыку. За значны вадзіцельскі стаж, а ён складае звыш 36 гадоў, Рыгор Піліпавіч назапасіў шмат вопыту і ведаў, але не спыняецца на дасягнутым. Яго пастаянна цікавяць разнастайныя маркі аўтамабіляў, іх устройства і насычанасць.
На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, калі Гушчын працуе ў райспажыўтаварыстве, а да гэтага была праца ў тагачасным саўгасе імя Кірава, ён ніколі не чуў у свой бок дрэннага слова ад кіраўніцтва, прадаўцоў. Бо заўсёды стараецца працаваць добрасумленна, з разуменнем адказнасці за даручаную справу.
Задаволена працай вадзіцеля і начальнік вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Святлана Васільева: з-за яго ніколі не бывае затрымак. А наогул дзякуючы зладжанай працы вадзіцеляў штодня з прадпрыемства ў гандлёвыя кропкі раёна дастаўляецца амаль 5 тон свежавыпечанага хлеба і хлебабулачных вырабаў.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.