Слаўся, родны край, пад мірным небам!

Журналісты “Кіраўца” зрабілі бліц-апытанне сярод нашых знакамітых землякоў, каб даведацца пра іх эмоцыі з нагоды 80-гадовага юбілею Кіраўшчыны.

kyti1

Рыгор Іванавіч КУЦІЛКІН,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы:
— Сёлетні год для жыхароў Кіраўшчыны — адметны: споўнілася 80 гадоў з дня ўтварэння раёна. За гэты перыяд адбылося шмат важных падзей, рэгіён эканамічна ўмацоўваецца.
У развіццё раёна ўнёс свой уклад і я, калі ў 50-я гады мінулага стагоддзя па даручэнні райкама партыі ўзначаліў калектыў раёна электрасетак і працаваў там да выхаду на заслужаны адпачынак. У той час у гора-дзе былі толькі невялікая падстанцыя і лакамабіль на льнозаводзе. Пакрысе павялічвалася колькасць узводзімых падстанцый, па ініцыятыве старшыні тагачаснага калгаса “Рассвет” К.П.Арлоўскага гаспадарка першай у раёне атрымала электрычнасць.
І сёння, калі ніводны жыхар горада і сельскіх населеных пунктаў не ўяўляе свайго жыцця без электрычнасці, калі ў кожным доме ў наяўнасці значная колькасць бытавых прыбораў, калі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях многія працэсы вытворчасці аўтаматызаваныя, радуецца сэрца за нашу краіну, якая стала для мяне, расіяніна, роднай, за яе развіццё і працвітанне, за тое, што людзі жывуць у міры і спакоі.
А гэты факт — вельмі важны як для моладзі, так і для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, на чый лёс выпалі жудасныя гады ваеннага ліхалецця, калі ўсё насельніцтва, не шкадуючы свайго жыцця, адстаяла незалежнасць нашай Айчыны.
За гады Вялікай Айчыннай вайны многія сем’і Кіраўшчыны напаткала нязмернае гора: не вярнуліся дамоў жывымі іх бацькі, сыны і дочкі, блізкія людзі. Нямецка-фашысцкімі захопнікамі спалены многія населеныя пункты, некаторыя з якіх наогул зніклі з карты раёна. Сімвалам памяці аб трагедыі ў Борках, а таксама спаленых вёсак Магілёўскай вобласці з’яўляюцца ўзведзеныя тут мемарыяльны комплекс і капліца ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”. Бываючы тут, сэрца сціскаецца ад болю за тое страшнае, што давялося перажыць усяму народу.Таму цяперашняму і наступным пакаленням неабходна захоўваць мір, не дазваляць нікому такое паўтарыць!

_________________________________________________

Людміла Нічыпараўна ПАЛЕВІЧ,
поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы:
— Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Клічаўскія Пасёлкі на Клічаўшчыне. Працуючы на гарадскім вузле сувязі ў Клічаве, часта чытала ў раённай газеце “Зара” пра вядомы на ўвесь былы Савецкі Саюз калгас “Рассвет” і яго славутага кіраўніка К.П.Арлоўскага. Шчыра кажучы, я марыла трапіць на працу ў перадавы калгас. І ў студзені 1960 года мы з мужам прыехалі на Кіраўшчыну, у знакаміты “Рассвет”. Памятаю сваю першую сустрэчу з Кірылам Пракопавічам: ён паставіўся да нас вельмі паважліва, быў задаволены, што на працу ў калгас прыходзяць маладыя людзі.
Прыехаўшы ў “Рассвет”, муж пачаў працаваць электрыкам, а я пайшла ў паляводчую брыгаду. На кіраўскай зямлі ў нас нарадзіліся сын і дачка, гаспадарка выдзеліла жыллё. У 1964 годзе я перайшла працаваць на ферму: спачатку была падменнай даяркай, потым загадчык МТФ прапанаваў мне набраць групу першацёлак. Шчыра кажучы, мне вельмі падабалася гэтая работа: я кожную карову ведала па мянушцы, імкнулася, каб жывёла заўсёды была накормленая і дагледжаная.
Працаваць пад кіраўніцтвам К.П.Арлоўскага мне вельмі падабалася: строгі ён быў, канешне, але вельмі справядлівы. З павагай ставіўся да людзей працавітых і адказных, клапаціўся, каб у калгаснікаў былі дастойныя ўмовы працы і адпачынку, добрыя заробкі.
Часта даводзілася яго сустракаць на ферме: раніцай, калі яшчэ сонца не ўстала, ён ўжо пройдзецца па хлявах, запытаецца ў працаўнікоў, як ідуць справы.
Нягледзячы на тое, што ўвесь даільны працэс быў ручны і аб’ёмы работ — значныя, мы ўмелі не толькі плённа працаваць, але і знаходзілі час, каб цікава адпачываць. Больш за 20 гадоў я была ўдзельніцай калгаснага хору пад кіраўніцтвам Валянціны Яўстратавай.
На ферме я адпрацавала амаль 30 гадоў і ніводнага разу не пашкадавала аб сваім выбары, мне вельмі падабалася справа, якой я займалася. Мабыць, адсюль і мае высокія вытворчыя дасягненні, а яшчэ лічу, што немалая заслуга ў гэтым людзей, якія працавалі разам са мной.
Першы свой ордэн я атрымала ў 1975 годзе, уручылі мне яго прама на рабочым месцы, праз год атрымала другі. Трэці ордэн на маіх грудзях заззяў у 1986 годзе.
Радуе, што сённяшнія прадстаўнікі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага сваёй добрасумленнай працай працягваюць слаўныя традыцыі былых пакаленняў, паляпшаючы эканамічнае развіццё гаспадаркі і прымнажаючы дабрабыт сяльчан.
Шчыра жадаю, каб кіраўская зямля і надалей славілася сваімі працоўнымі дасягненнямі і дастойнымі грамадзянамі.

________________________________________________________________

Валянцін Адамавіч ГЕРАСІМОВІЧ,
былы старшыня Кіраўскага райвыканкама:
— Родам я з Кіраўшчыны. Памятаю гэты край з дзяцінства. Асабліва яскравым з дзіцячых успамінаў стаў момант, калі мы з маці працавалі ў полі: яна жала жыта, а я — 10-гадовы хлапчук зносіў снапы. Быў гэта 1949 год. Вядома ж, з таго часу наш раён змяніўся карэнным чынам.
У перыяд з 1979 па 1982 гады мне давялося ўзначальваць Кіраўскі райвыканкам. Працавалі мы ў той час з думкамі: што ні дзень — то лепш! Імкнуліся да лепшага жыцця, дабрабыту, павелічэння заробкаў, эфектыўнай вытворчасці, добраўпарадкавання.
У 1980 годзе наяўныя дзіцячыя садкі ў нашым райцэнтры мелі магчымасць прыняць толькі 40 дзяцей, а ў чарзе было 400 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мне, як старшыні райвыканкама, трэба было з кожных дзесяці выбраць па аднаму, хто пойдзе 1 верасня ў садок… У сувязі з гэтай праблемай сабраў кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх дзеячаў і прапанаваў агульнымі намаганнямі пабудаваць яшчэ адну дашкольную дзіцячую ўстанову. Так з’явіўся дзіцячы садок №3, які праз год пасля пачатку будаўніцтва прыняў 360 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У той час мы жылі і працавалі пад лозунгам: “Будаваць — значыць, жыць!”. За гады маёй працы ў Жылі-чах на пасадзе дырэктара саўгаса-тэхнікума былі ўзве-дзены 180 кватэр, кацельня, Дом культуры, вучэбны корпус і інтэрнат для навучэнцаў саўгаса-тэхнікума, школа, майстэрні, жывёлагадоўчая ферма, заасфальтавана тэрыторыя населенага пункта, праведзены прыродны газ, тэлефонная сувязь.
Яшчэ цікавае параўнанне. У сакавіку 1960 года я прыступіў да работы брыгадзірам у калгасе «Камуніст» (цяпер — СВК “Добасна-агра”). Вясной на лінейку гатоўнасці да сяўбы мы выводзілі 1 МТЗ, 1 гусенічны трактар, 80 рабочых коней, 50 плугоў, 50 калёсаў. Зараз, праз 55 гадоў, вядома ж, ніхто размовы не вядзе пра коней і калёсы — усё механізавана, мадэрнізавана — вялікі прагрэс! Кіраўшчына змянілася і ў матэрыяльным плане, і ў плане добраўпарадкавання.
Хочацца пажадаць роднаму краю далейшага развіцця, каб рос дабрабыт і ўзровень жыцця кіраўчан. Каб больш увагі надавалася моладзі, асабліва на вёсцы. Кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў павінны быць побач з маладымі спецыялістамі, з’яўляецца для іх і дарадчыкамі, і памочнікамі, і надзейнай падтрымкай.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.