На абароне правоў і інтарэсаў працоўных

Прафсаюзны рух Беларусі налічвае больш за 110 гадоў. За гэты час пройдзены шлях ад дробных разрозненых арганізацый да шматлікай па колькасці яе членаў Федэрацыі прафсаюзаў, якая трывала стаіць на абароне правоў і інтарэсаў працуючых. На ўсіх этапах свайго развіцця прафарганізацыі вырашалі самыя розныя пытанні, якія тычыліся працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў іх членаў. 

Аб тым, якія задачы сёння стаяць перад раённым аб’яднаннем арганізацый прафсаюзаў, уваходзячых у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, наша размова з яго старшынёй Аленай ГЛЕКАВАЙ:
— Афіцыйнай датай пачатку работы раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў лічыцца 2 студзеня 2015 года. У структуру аб’яднання ўваходзіць 71 арганізацыя з агульнай колькасцю 7230 чалавек. На сённяшні дзень гэта самая буйная грамадская арганізацыя ў раёне.
Сама сутнасць прафсаюзнага руху заключаецца ў яго грамадскай скіраванасці: адлічыўшы 1% сваіх даходаў на прафсаюзныя ўзносы, кожны з нас мае магчымасць у выпадку неабходнасці аказаць істотную дапамогу не толькі сабе, але і калегам у залежнасці ад жыццёвых абставін. Мяркую, што чалавек, як асоба сацыяльная, не можа існаваць па-за межамі калектыву. І дзе, як не ў калектыве, праходзіць наша жыццё: ад светлых да сумных яго момантаў.
Намаганні нашага аб’яднання накіраваны на захаванне і развіццё структуры арганізацыі, павышэнне эфектыўнасці яе работы, умацаванне сацыяльнага партнёрства, стварэнне належных умоў для працы і быту, развіццё культурна-масавай і спартыўнай работы сярод членаў прафсаюза.
У нашым веданні — ажыццяўленне грамадскага кантролю прафсаюзаў за захаваннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы і ахове працы, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь “Аб прафесіянальных саюзах” і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, заключэнне мясцовых пагадненняў, а таксама ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, у тым ліку пры вырашэнні калектыўных і індывідуальных працоўных спрэчак.
Важнае месца ў прафсаюзнай рабоце займаюць пытанні развіцця сацыяльнага партнёрства. Любыя зрухі ў паляпшэнні ўмоў працы і жыцця работнікаў —гэта вынік партнёрства наймальнікаў і прафсаюза. Ад таго, наколькі канструктыўна наладжаны гэты дыялог, залежыць стабільнасць работы і дынаміка развіцця прадпрыемства.
У хуткім часе паміж райвыканкамам і раённым аб’яднаннем будзе падпісана пагадненне аб сацыяльна-эканамічных і працоўных пытаннях. Складаецца яно з 4-х раздзелаў: сацыяльнае партнёрства, ахова працы, занятасць і развіццё эканомікі раёна. Плануецца, што пагадненне будзе ахопліваць усе пытанні, звязаныя з працоўнай дзейнасцю грамадзяніна, умовамі яго бяспечнай працы і адпачынку.
Варта адзначыць, што ў сучасных умовах працоўнае заканадаўства рэкамендуе рэгуляваць значную частку працоўных зносін праз калектыўны дагавор. Гэты дакумент павышае і абараняе сацыяльныя льготы і гарантыі працуючых. Пад пільнай увагай райкама прафсаюза знаходзіцца арганізацыя быту маладых спецыялістаў, аказанне дапамогі ветэранам працы.
Нашым аб’яднаннем праводзіцца пэўная работа па аказанні членам прафсаюза арганізацыйнай, кансультацыйнай і прававой дапамогі. Штомесячна інспектарамі па працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў ажыццяўляюцца прыёмы грамадзян па пытаннях, якія тычацца норм заканадаўства, рэгулюючых сферу працоўных і звязаных з імі праваадносін.
Федэрацыя прафсаюзаў, у тым ліку і раённыя аб’яднанні, павінны актывізаваць работу па стварэнні новых прафсаюзных арганізацый, а таксама сярод недзяржаўнай формы ўласнасці. Не сакрэт, што некаторыя “прыватнікі” часта эканомяць на сацыяльнай абароненасці сваіх работнікаў, аднак такога быць не па-вінна. Кожны грамадзянін мае права ажыццяўляць сваю працоўную дзейнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Не застаецца па-за ўвагай аб’яднання прафсаюзаў і ўдзел у культурна-масавых, спартыўных і іншых мерапрыемствах, праводзімых у раёне. Так, пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў праведзены раённы этап рэспубліканскага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, у якім удзельнічалі члены прафсаюзных арганізацый раёна.
У зоне нашай увагі — актывізацыя работы па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні членаў прафсаюзаў. На сённяшні дзень Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі супрацоўнічае з 13 санаторыямі краіны, у якіх дзейнічае 25- працэнтная скідка на пуцёўкі для яе членаў.
Акрамя таго, перад раённымі аб’яднаннямі прафсаюзаў пастаўлена задача па распрацоўцы турыстычных маршрутаў свайго раёна, якія ў далейшым будуць ўваходзіць у агульную базу Федэрацыі і выкарыстоўвацца для развіцця турызму ў краіне, у тым ліку і сярод членаў прафсаюза.
Наперадзе ў нашага аб’яднання — значная работа. Але пры гэтым усё павінна быць падпарадкавана галоўнай мэце — сацыяльнай падтрымцы і абароненасці работнікаў.
Запісала
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.