Кіраўскай студыі стылю і моды «Гламур» прысвоена званне «Узорны калектыў»

shikshik2 shik3

Відовішчным, маляўнічым і незвычайна прыгожым стаў канцэрт, прысвечаны прысваенню студыі стылю і моды “Гламур” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі звання “Узорны калектыў”. Здаецца, на канцэртнай сцэне РДК яшчэ не было адначасова такога буйства фарбаў і бляску, таленавітасці і майстэрства педагогаў спалучаць неспалучаемае, бачыць прыгожае ў простым.

У гэты вечар гучалі музыка і песні, а на сцэне, захапляючы прысутных у зале вытанчанасцю ўбораў, выхаванкі студыі дэманстравалі новыя і створаныя раней калекцыі адзення.
Напоўненая гледачамі зала сустракала бурнымі апладысментамі кожны выхад мясцовых мадэлей. А за кулісамі ў гэты момант хваляваліся тыя, хто выходзіў на сцэну і працягваў чароўнае дзейства моды. На суд журы і гледачоў таленавітыя педагогі і іх выхаванкі прадставілі вялікую колькасць калекцый адзення: крэатыўную — “Каляровыя сны”, юную — “Пяшчотны ўзрост”, яркую і кветкавую “Аранжавае лета”, запальную — “Кармэн”, непасрэдную і пазітыўную — “Мюзікл”, феерычную — “Натхненне”, функцыянальную — “Кампраміс”, стыльную — “Пачуцці” і элегантную — “Эдмірэйшыён”.
Сярод ганаровых гасцей свята былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч, члены камісіі па прысваенні студыі стылю і моды “Гламур” звання “Узорны калектыў” — галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Аліна Фядосава, метадыст гэтага ж цэнтра Алена Саўчанка і кіраўнік народнага тэатра моды Палаца культуры вобласці, дырэктар мадэльнага агенцтва “Студыя моды Сяргея Нагорнага” Таццяна Палазкова.
Увазе прысутных была прадстаўлена відэапрэзентацыя дзейнасці і развіцця студыі і стылю моды “Гламур”, створанай у 2008 годзе. За гэты перыяд выхаванкі студыі разам са сваімі педагогамі Таццянай Рудак і Эльвірай Перадня прынялі ўдзел у шматлікай колькасці фестываляў, конкурсаў і канцэртаў не толькі раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў, але і далёка за межамі нашай краіны. У скарбонцы калектыву — 15 абласных, 3 рэспубліканскія і 8 міжнародных дыпломаў розных ступеняў. Па выніках удзелу ў міжнародным творчым фестывалі ў Балгарыі ў 2012 годзе студыя “Гламур” стала ўладальніцай “Крыштальнай хвалі”, у 2013 — “Залатой хвалі”, у 2014 — “Сярэбранай хвалі”.
Фінальным акордам святочнага канцэрта стаў выхад на сцэну мадэлей, іх выкладчыкаў, а таксама былых выпускніц студыі “Гламур”.
Адбыўшаеся мерапрыемства пераканала ў тым, што ўдзельнікі студыі дастойны ганаровага звання “Узорны калектыў”. Гэта стане пацвярджэннем высокага майстэрства і таленту яе кіраўнікоў і выхаванцаў, дастойным вынікам карпатлівай працы, цікавых і плённых ідэй і іх актыўнай рэалізацыі, бясконцых рэпетыцый, нястомнага адточвання тэхнікі кройкі і шыцця. Яны ўзялі высокую планку, але спыняцца на дасягнутым не збіраюцца!
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.