Паўлавіцкія школьнікі настралялі на «срэбра»!
У Магілёве прайшоў абласны чэмпіянат ДАСААФ па стральбе з пнеўматычнай зброі, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Алега Лагуценкі, з удзелам 14 каманд з райцэнтраў, а таксама Магілёва і Бабруйска. Наш раён ужо не першы год прадставілі школьнікі Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева.
У камплект кожнай каманды ўваходзілі па два юнакі і адной дзяўчыне. Праверка стралкоў на трапнасць была сур’ёзнай: трэба было паразіць 20-цю выстраламі 4 мішэні. Па суме выбітых ачкоў і складваўся агульны рэзультат.
Нервы нашых рабят аказаліся трывалымі. Аляксандр Яновіч заняў першае месца, Дарына Юхноўская паказала трэці вынік. На жаль, толькі Уладзіславу Бураку крышку не хапіла да п’едэсталу гонару: ён заняў чацвёртае месца.
У агульнакамандным заліку спартсмены з Паўлавіч занялі другое месца і былі ўзнагароджаны кубкам адпаведнай ступені. Акрамя таго нашы стралкі заваявалі права абараняць гонар Магілёўшчыны на адным з чатырох этапаў рэспубліканскіх спаборніцтваў.