Задавалі тон сельскія асілкі з Кіраўшчыны
З добрым настроем вярнулася каманда выхаванцаў аддзялення цяжкай атлетыкі ДЮСШ з Магілёва, дзе праходзілі Алімпійскія дні моладзі сярод юнакоў і дзяўчат да2000 года нараджэння. Усе 13 падапечных трэнераў Кірыла Іваніцкага і Андрэя Асташова паказалі добрую фізічную падрыхтоўку і дабіліся дастойных рэзультатаў.
У камандным заліку наша зборная заняла ганаровае трэцяе месца, прапусціўшы наперад толькі штангістаў з Магілёва і Бабруйска, каманды якіх былі сфарміраваны з выхаванцаў мясцовых спартыўных школ алімпійскага рэзерву.
Тым яшчэ больш важка выглядаюць асабістыя рэзультаты нашых асобных асілкаў, якія занялі месцы на п’едэстале гонару. Адметна, што ўсе яны — сельскія хлопцы і дзяўчаты. Так, у сваіх вагавых катэгорыях пераможцамі сталі Антон Герасімовіч з Добасны, Максім Пінчук і Дар’я Чыжонак з Любоніч. Яшчэ два прадстаўнікі аграгарадка над рэчкай Любанкай Кацярына Валовіч і Антон Еўдакімаў занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
У канцы красавіка зборная каманда Магілёўскай вобласці будзе змагацца на рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі. У яе састаў каманды уключаны Максім Пінчук і Антон Герасімовіч.