“Сярэбраны” дэбют рыбалова з Кіраўска
Наўрад ці можна знайсці мужчыну, які б хоць раз у жыцці не вудзіў рыбу. Для многіх рыбалка — гэта і захапленне, і звычка, і хобі. А для значнай колькасці рыбаловаў — гэта стала яшчэ і спортам. У нашай краіне штогод праводзяцца разнастайныя спаборніцтвы па лоўлі рыбы. Не выключэнне і Магілёўшчына.
Кіраўчанін Аляксандр Грыгор’еў рыбалкай “захварэў” даўно. Яшчэ нядаўна любімае правядзенне вольнага часу было на аматарскім узроўні. А летась, знаходзячыся на Чыгірынскім вадасховішчы падчас рыбалкі ўпершыню апынуўся на чэмпіянаце Магілёўскай вобласці па фідэру — рыбнай лоўлі з дапамогай доннай снасці. Ды так спадабалася яму, як спрытна рыбаловы абыходзіліся з прыстасаваннем, адну за адной выцягваючы з вады рыбін, што вырашыў Аляксандр паспрабаваць самому.
А сёлета прадстаўнік Кіраўска прыняў удзел у афіцыйных спаборніцтвах. І так удала ўліўся ў вялікую сям’ю рыбаловаў-спартсменаў падчас чарговага чэмпіянату вобласці ў асабістым заліку, што зусі крыху не “дацягнуў” да перамогі!
Як расказаў рэдактару интэрнет-рэсурса “Кіраўца” Аляксандр Грыгор’еў, спаборніцтвы праходзілі ў 3 этапы: першы ў Чыгірынцы на вадасховішчы, другі — на рацэ Бярэзіна ў Бабруйску, трэці — на Дняпры ў Магілёве. Умовы ўсюды розныя, і без падрыхтоўкі, а то і нават таленту тут не абысціся. Наш зямляк на ўсіх вышэй названых вадаёмах паказаў іх у поўнай меры, заняўшы высокія месцы. А ў суме Аляксандр Грыгор’еў набраў 19,5 бала — усяго толькі 0,5 бала ўступіўшы пераможцы чэмпіянату. Дэбют — больш, чым удалы!
— Поспех яшчэ больш акрыляе, — зазначыў рыбалоў. — Цяпер на наступны год ёсць да чаго імкнуцца: трэба выйграць чэмпіянат!..
Аляксандр ХАХЛОЎ.