Расправіліся крылы над рассветаўскімі абшарамі
Здаўна лічылася на вёсцы: як толькі раздаецца голас першага пеўня, і яго падхопліваюць іншыя “калегі” ў дварах, так і раніца надыходзіць, а разам з ёй пачынаюць завіхацца ўсе насельнікі — ад гаспадароў да іх гадаванцаў. Калі правесці віртуальную паралель, то на Кіраўшчыне даўно прызвычаіліся: калі ў раёне цэнтральнай райбальніцы пачынае раздавацца гул магутнага рухавіка самалёта, — пачынаюцца ў раёне веснавыя палявыя работы.
Так, менавіта супрацоўнікі авіякампаніі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” звычайна актыўна распачынаюць кружыць на палямі сельгасарганізацыі, праводзячы найбольш актыўнымі тэмпамі першыя палявыя мерапрыемствы. Яно і нядзіўна. Пакуль талая веснавая вада яшчэ не паўсюдна схавалася ў глебе, пакуль палі грузкія і не дазваляюць у поўнай меры ўключыцца ў работу трактарам і іншай сельгастэхніцы, рассветаўцаў выручае мясцовая авіяцыя.
Непасрэдна ў рабоце рассветаўскі АН-2 расправіў крылы ў мінулую пятніцу. Вопытныя авіятары — камандзір самалёта Аляксандр Краўцоў і інжынер-інструктар, ён жа інструктар-экзаменатар Валерый Іваноў — маюць багаты практычны вопыт. А таму з лёгкасцю валодаюць магутнай сталёвай машынай. У першы дзень палётаў яны падсеялі на 236 га канюшыну.
На наступны дзень лётчыкі пераключыліся на падкормку азімага рапсу. За 20 вылетаў работа была выканана на 75 га. Прадоўжылася падкормка з дапамогай самалёта і ўчора, калі мы наведалі рассветаўскі аэрадром. Бункер самалёта якраз загружаўся белай тукавай масай сульфата амонія. На пагрузцы — вопытны механізатар Аляксей Каранкевіч. Усяго некалькі мінут — і 1,2 т мінеральных угнаенняў “праглынуў” самалёт. Заводзіцца рухавік, авіямашына выходзіць на ўзлётную паласу і ўзнімаецца ў паветра… Праходзіць яшчэ мінут 10 — і яна зноў зніжаецца над “узлёткай”, а тым часам азімы рапс падкормлены на чарговых 4 га…
Праз пэўны час самалёт патрабуе запраўкі палівам. У гэты ж момант яго абследуюць “авіясанітары”: інжынер Уладзімір Няхаеў і авіятэхнік Мікалай Папкоў. А між тым гара тукаў на пляцоўцы папаўняецца чарговай прывезенай “порцыяй”. Так што збояў у рабоце авіякампаніі не назіраецца.
Што датычыцца агульных падсяўных-падкормачных работ у сельгасарганізацыі, то пра іх аб’ёмы расказаў аграном-хімік “Рассвета” Андрэй Скраблевіч, які сам пастаянна і ўважліва сочыць за выкананнем дзённых заданняў. Згодна плана, адзначыў ён, падсеяць шматгадовыя травы і канюшыну неабходна на 800 га. Работы на палове плошчаў будуць праведзены з дапамогай авіяцыі. Астатнія — трактарамі з сеялкамі СПУ-6.
Станоўчыя надзеі рассветаўцы звязваюць з каштоўнымі кармавымі культурамі — люцэрнай у сумесі з фестулоліўмам (гібрыдам гайграса пашаўнага і аўсяніцы). Пасевы плануецца размясціць на 200 га.
Значныя аб’ёмы запланаваны па падкормцы азімых культур. Усяго — 3600 га. З іх 902 га — рапс, 1733 — пшаніца. На зялёную массу для скармлівання жывёле адведзена таксама 300 га трыцікале, 60 га — жыта. Яшчэ 500 га — іншыя збожжавыя. На 100 га размешчаны не зусім звычайныя пасевы: жыта пасеяна напалову з сурэпіцай — палоснымі “зебравымі” пасевамі па 18 м, перамяжоўваючыся паміж сабой. Адметна, што пры ўборцы камбайн будзе “хадзіць” упоперак поля, змешваючы зялёную масу. Упершыню такі спосаб рассветаўцы апрабавалі летась. Жывёлаводы былі задаволены рэзультатам: жывёла добра спажывала корм, які быў збаланасаваны па бялку і цукру, адпаведна адказваючы на гэта высокімі надоямі.
Як адзначыў Андрэй Скраблевіч, з рапсам авіятары павінны “разабрацца” на працягу бліжэйшых некалькіх дзён. Затым пераключацца на ўнясенне прэпарата КАС. Веснавая палявая кампанія набірае разгон.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.
На здымках: інжынер-пілот, інструктар-экзаменатар Валерый Іваноў і камандзір самалёта Аляксандр Краўцоў рыхтуюцца да новага вылету; авіятэхнік Мікалай Папкоў абслугоўвае вузлы і агрэгаты крылатага рассветаўскага памочніка; на пагрузцы тукаў заняты Аляксей Каранкевіч.