На Кіраўшчыну прыйшоў сезон яблык
На двары — жнівень, у садах — яблыневы рай. Адсутнасць вясною замаразкаў паспрыяла таму, што ўраджайнасць садавіны сёлета амаль ва ўсіх гаспадароў проста “зашкальвае”. Для таго, каб дапамагчы насельніцтву “па-гаспадарску” справіцца з дарамі садоў, а дзесьці і крыху даць людзям магчымасць папоўніць свой кашалёк, працуюць прыёма-нарыхтоўчыя пункты райспажыўтаварыства.
Дзейнічаюць яны не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах, у асноўным у магазінах. Прыёмку яблыкаў таксама ажыццяўляюць пазаштатныя (раз’язныя) нарыхтоўшчыкі. Закупам заняліся напачатку жніўня.
У горадзе традыцыйна прыём яблыкаў ажыццяўляецца, з тыльнага боку аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства па вул.Ленінскай. Для бесперапыннага прыёму садавіны тут маюцца два бункеры агульнай умяшчальнасцю каля 14 т. Амаль штодня нарыхтаваныя яблыкі на аўтамабілях дастаўляюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы.
Гараджане здаюць у асноўным апад летніх і ранніх гатункаў, якія ў далейшым ідуць на прамысловую перапрацоўку. Ужо нарыхтавана больш за 700 т. На дадзены момант сакавітую прадукцыю аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства рэалізоўвае на ААТ «Гомельскі вінаробны завод» філіял «Рагачоўскі», на ААТ «Магілёўаблхарчпрам», Маліноўшчынскі спіртаводачны завод «Крышталь-2».
Як адзначыў нарыхтоўшчык райспажыўтаварыства Віталь Яфрэмаў, пакуль масавай здачы яблыкаў насельніцтвам не назіраецца. Хтосьці прывозіць два-тры мяхі, а хтосьці вязе на прычэпах аўтамабіляў і па 300-400 кг. Штодня ў сярэднім выходзіць па 9-10 т яблыкаў.
Увогуле сёлета райспажыўтаварыства плануе значна пераўзысці паказчык мінулага года па нарыхтоўках яблыкаў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.