Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджана начальнік “Кіраўск-праекта”
Перад пачаткам чарговага пасяджэння райвыканкама адбыўся ўрачысты момант: кіраўнік раёна Аляксандр Бутараў уручыў Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне працоўных абавязкаў начальніку УКВП “Кіраўск-праект” Магілёўскай вобласці Валянціне Сяргееўне Лаўрынавай.
Былі адзначаны яе прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адказныя адносіны да справы.
У свой час Валянціна Сяргееўна закончыла Валгаградскі інстытут інжынераў гарадской гаспадаркі па спецыяльнасці “водазабеспячэнне і каналізацыя”. Працавала на розных пасадах у арганізацыях Расійскай Федэрацыі.
У 1985 годзе ўладкавалася прарабам у калгас “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Затым працавала ў Бабруйскім раёне. І з 1988 года В.С.Лаўрынава зноў прыйшла на працу ў ”Рассвет” інжынерам-будаўніком, потым была намеснікам старшыні сельгасарганізацыі па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, працавала на аналагічных пасадах — а ўвогуле “Рассвету” яна прысвяціла больш 18 год працоўнай біяграфіі.
З 2006 года працуе ва УКВП “Кіраўск-праект”, рабоце аддае ўсе свае веды і вопыт.
Валянціне Сяргееўне былі выказаны найлепшыя пажаданні і ўручаны кветкі.