На прынцыпах партнёрства і даверу імкнуцца будаваць сваю дзейнасць кіраўскія банкаўскія работнікі
Напярэдадні прафесійнага свята банкаўскіх і фінансавых работнікаў мы сустрэліся з в.а.начальніка ЦБП №617 у г.Кіраўску – рэгіянальнай дырэкцыі па Магілёўскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Алай ЕЛІСЕЕНКА і папрасілі яе расказаць аб дзейнасці ўзначальваемага калектыву:
– На сённяшні дзень ААТ «Белаграпрамбанк» – адзін з лідараў банкаўскай сістэмы Беларусі. Сярод асноўных накірункаў яго работы – аказанне шырокага спектра паслуг, падтрымка рэальнага сектара эканомікі, садзейнічанне ў рэалізацыі важных для народнай гаспадаркі інвестыцыйных праектаў.
Калектыў нашага ЦБП №617, які налічвае 11 чалавек, прыклаў усе намаганні, каб 2020 год стаў і для нас, і для нашых кліентаў паспяховым. Акрамя сельскагаспадарчых арганізацый, нашымі паслугамі карыстаюцца многія юрыдычныя і фізічныя асобы. Прыемна, што наша супрацоўніцтва працягваецца шмат год, нам давяраюць, а мы падтрымліваем і дапамагаем. Ставім перад сабой задачу не толькі захаваць кліенцкую базу, але і з кожным годам павялічваць яе.
Намі паспяхова рэалізуюцца зарплатныя праекты, якія выгадныя не толькі прадпрыемствам, але і работнікам, бо разам з выкарыстаннем картак як сродку плацяжоў, яны атрымліваюць магчымасці авердрафтнага крэдытавання, афармлення крэдытнай карткі на спецыяльных умовах, выкарыстання сістэмы «Інтэрнэт-банкінг» і інш., могуць атрымліваць дадатковы прыбытак, паклаўшы грошы на картку для зберажэнняў. Для павелічэння долі безнаяўных разлікаў сярод уладальнікаў банкаўскіх картак спецыялісты Белаграпрамбанка пастаянна праводзяць акцыі па папулярызацыі гэтага сучаснага і зручнага сродку разлікаў.
У бягучым годзе нашым укладчыкам было прапанавана больш за 15 розных акцый і, варта адзначыць, яны карыстаюцца папулярнасцю: «Падары мару», «Зарабі на заначцы», «Тачка на заначку», «Кватэра на заначку», «Клапатлівы Белаграпрамбанк для пенсіянераў». Людзі разумеюць, што грошы не павінны ляжаць у скарбонках, не прыносячы ніякага даходу, а вось калі сродкі знаходзяцца на банкаўскім рахунку, яны працуюць на эканоміку і дзяржавы, і сям’і.
Таксама прапануем нашым кліентам разнастайны пералік паслуг: дэпазітныя аперацыі, страхавыя паслугі, міжнародныя і ўнутрырэспубліканскія пераводы, валютна-абменныя аперацыі, прыём плацяжоў і інш.
Трэба сказаць, што ўзаемаадносіны банка з кліентамі будуюцца на прынцыпах партнёрства і даверу з разлікам на доўгатэрміновае супрацоўніцтва.
За нашымі поспехамі і дасягненнямі стаіць штодзённая добрасумленная праца ўсяго калектыву. Многія нашы работнікі прысвяцілі банкаўскай сферы раёна не адзін дзясятак год: больш за 30 – спецыяліст па забеспячэнні дзейнасці банка Генадзь Лук’янаў, 20 – галоўны спецыяліст сектара кліентскага менеджмента Вольга Катлінская, 16 – начальнік аддзела рознічных паслуг Надзея Стальмакова. 28 год у сістэме БАПБ адпрацавала і я, з іх 14 – на кіруючых пасадах.
Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б выказаць словы ўдзячнасці за плённую работу ўсяму калектыву ЦБП №617, а таксама падзякаваць нашым дарагім ветэранам, якія ў свой час унеслі значны ўклад у развіццё Белаграпрамбанка, сярод іх – Ніна Каранкевіч, Тамара Марцючэнка, Вольга Лапо, Тамара Скудная, Тамара Вінаградава, Ніна Смальцэр і Тамара Міхалап.
У надыходзячым годзе наша дзейнасць па-ранейшаму будзе накіравана на арганізацыю якаснага абслугоўвання насельніцтва, укараненне новых кліенцкіх пакетаў і падтрыманне іміджу ўстановы, дзе паслугі аказваюцца аператыўна, якасна і з улікам пажаданняў кліента.
Падрыхтавала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».