Працаўнікі КСУП “Жылічы” шчыруюць на ўраджай будучага года
Гарачы час жніва ў працаўнікоў палёў застаўся за плячыма. Зараз пагодныя жнівеньскія дзянькі прыспешваюць зладжана і без збояў весці канвеер іншых работ на сельгаспалетках, якія ў асноўным сканцэнтраваны на закладцы падмурка пад ураджай будучага года. Паназіраць за іх ходам мы накіраваліся да аграрыяў КСУП “Жылічы”.
Механізатару Міхаілу Цітарэнку было даручана правесці сяўбу азімага рапсу
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Валынцаў расказаў, што па выніках жніва сёлетні агульны намалот склаў 3700 тон збожжа. З аднаго гектара ў сярэднім атрымалі па 27,6 ц. Гэта, па словах Андрэя Мікалаевіча, не зусім той рэзультат, на які спадзяваліся: летняя спёка не дазволіла збожжу наліцца ў поўнай меры, у гэтым плане асабліва “падвяло” зялёнаўкоснае жыта. Аднак, атрыманы агульны намалот дазволіў прадпрыемству разлічыцца з усімі абавязкамі, у першую чаргу, з дзяржзаказам, і забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы фуражным зернем.
На ўборцы збажыны было задзейнічана пяць экіпажаў на айчынных камбайнах. Двум з іх удалося перакрочыць рубеж тысячных намалотаў – Уладзіміру Бычкову і Алегу Сазонаву, а таксама маладым хлебаробам Дзянісу Петрусёву і Аляксею Грыбоўскаму.
Чатыры адзінкі тэхнікі дастаўлялі намалочанае ад камбайнаў на сушыльныя гаспадаркі. Малады вадзіцель Раман Шарамята адвёз больш за 1800 тон свежанамалочанага збожжа, Анатоль Гогалеў – больш за 1000 тон.
Уборачная ў жылічан фінішавала 15 жніўня. У гэты ж дзень камбайнеры накіраваліся да гаспадароў прыватных сельгасучасткаў, каб абмалаціць збожжа і на іх. Гэтыя работы яшчэ працягваюцца.
Па стане на 19 жніўня жыліцкія аграрыі завяршылі сяўбу азімага рапсу на зерне – 210 га, а ўжо на наступны дзень поўнасцю закрылі план сяўбы рапсу на зялёны корм для жывёлы – гэта яшчэ 110 га. Сяўбу праводзіў вопытны механізатар Міхаіл Цітарэнка. На энерганасычаным трактары “Беларус-3022” з сеялкай RABE ён адзін справіўся з даручанай справай за 10 дзён.
На парадку дня – сяўба траў: люцэрны ў чыстым выглядзе, затым – свірэпіцы.
Поўным ходам на жыліцкіх сельгаспалетках убіраецца салома. Прэсуюць яе на пару два маладыя механізатары Уладзіслаў Лемісееў і Арцемій Лаўрыненка. Уладзіслаў працаўладкаваўся сёлета – па размеркаванні пасля заканчэння вучобы ў Жыліцкім сельгаскаледжы. З дапамогай прэс-падборшчыкаў ПРФ-180 хлопцы прэсуюць салому ў рулоны, якая потым адвозіцца для захоўвання.
Андрэй Валынцаў адзначыў, што моладзь радуе стараннай працай і добрасумленнасцю. Так, Арцемій Лаўрыненка ў сельгаспрадпрыемстве трэці год. Падчас жніва ён разам з бацькам Алегам шчыраваў на камбайне, вось перайшоў на ўборку саломы. А яго бацька заняты на ўнясенні ўгнаенняў пад закладку новага ўраджаю, спачатку ён забяспечыў падкормку азімага рапсу, цяпер планамерна працуе пад азімыя зернавыя.
Сяргей Міхнёў і Раман Канавалаў занятыя на ворыве
Паралельна з гэтымі работамі ідзе падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу. На адным з палёў мы назіралі, як сінхронна, не перашкаджаючы адно аднаму адразу тры магутныя трактары ўзворвалі глебу. За іх штурваламі – Раман Канавалаў і Сяргей Міхнёў – адны з тых, з каго складаецца механізатарскі касцяк прадпрыемства, – надзейных, адказных, вопытных. У тандэме з імі – бабруйчанін Анатоль Ткач.
Да слова, нядаўна сельгаспрадпрыемства набыло новую барану БЗ-15, якая эфектыўна прымяняецца для выраўноўвання глебы і закрыцця вільгаці на працягу ўсяго палявога сезону.
Закладваючы падмурак пад ураджай 2022 года, асноўную стаўку жыліцкія аграрыі будуць рабіць менавіта на азімыя збожжавыя культуры. Плануюць заняць імі на 150 га больш леташняга. У цяперашні час спецыялісты – галоўны аграном Уладзімір Палячэнка і аграном-насеннявод і па абароне раслін Мікалай Каралькоў актыўна працуюць над вызначэннем дакладнай структуры сяўбы азімых, вядуць падборку палёў для больш эфектыўнага севазвароту, насеннага матэрыялу.
Андрэй Валынцаў адзначыў, што сёлета мяркуюць закласці каля 200 га азімай свірэпіцы і зялёнаўкоснага жыта. Сяўба гэтых культур дазваляе з аднаго поля за адзін сезон атрымаць па два ўраджаі. Так, сёлета, як толькі абмалацілі зялёнаўкоснае азімае жыта, гэтыя ж плошчы адразу былі занятыя насеннем кукурузы. Зараз тут ва ўсю прыгажэе царыца палёў і чакае свайго ўборачнага часу. Дарэчы, кукуруза ў сельгаспрадпрыемстве займае 670 га, 110 з іх прызначаны на зерне, астатнія – на сілас.
Завяршаючы нашу сустрэчу, Андрэй Валынцаў падкрэсліў, што жыліцкія земляробы шчыруюць спагадліва і адказна, прыкладаюць максімум намаганняў, каб атрымаць адпаведную аддачу ад зямлі-карміцелькі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.