Умець выслухаць і дапамагчы
12 ліпеня сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі. Упершыню загадам Міністэрства аховы грамадскага парадку БССР падраздзяленне з’явілася ў структуры ўнутраных органаў у ліпені 1966 года. Пачынаючы з 1972 года, у састаў аператыўна-дзяжурнай службы ўведзены штатныя адзінкі інспектараў-дзяжурных.
Асноўныя задачы аператыўна-дзяжурнай службы РАУС — ажыццяўленне кантролю за захаваннем правапарадку на абслугоўваемай тэрыторыі, своечасовая рэгістрацыя і аператыўнае рэагаванне на паступаючыя на пульт дзяжурнага паведамленні аб злачынствах, здарэннях, у тым ліку і аб надзвычайных здарэннях рознага характару. Міліцыянерам неабходна ўважліва выслухаць кожнага грамадзяніна, хутка разабрацца ў сутнасці пытання і ў лічаныя хвіліны прыняць правільнае рашэнне. Менавіта ад гэтых складаемых напрамую залежаць раскрывальнасць злачынстваў і давер грамадзян да людзей у пагонах.
За першае паўгоддзе бягучага года супрацоўнікамі аператыўна-дзяжурнай службы РАУС прынята 1234 заявы і паведамленняў аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях, праведзена разбіральніцтва з 534 грамадзянамі, дастаўленымі ў аддзел унутраных спраў.
На кожнае паведамленне дзяжурная служба рэагуе па «гарачых» слядах. Даволі часта паведамленні тычацца крадзяжоў і хуліганстваў, не абыходзіцца без сямейных і суседскіх сварак. Разабрацца і ацаніць іх перш-наперш павінен аператыўны дзяжурны.
У розныя гады ў дзяжурнай часці кіраўскай міліцыі добрасумленна неслі службу Іван Шчэрбіч, Уладзімір Каспяровіч, Рыгор Чайка, Міхаіл Горбель, Міхаіл Лагойка, Мікалай Іваноў, Мікалай Чарноў, Ігар Барысавец, Юрый Макаронак, Анатоль Петрашэвіч, Сяргей Сулімскі, Аляксандр Костка, Уладзімір Пархамовіч. Шэраг супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы РАУС з гонарам выканалі не толькі воінскі, але і свой грамадзянскі абавязак: яны прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Сярод іх Аляксандр Картэль, Ігар Рудзько, Генадзь Сахар, Рыгор Букаты.
Дастойна зараз нясуць службу па ахове правапарадку старшыя інспектары-дзяжурныя Дзяніс Гарэлік, Юрый Бярозка, Аляксандр Русецкі, памочнікі дзяжурнага Яўген Пархамовіч, Іван Гушчын, Аляксей Іошын, міліцыянеры-вадзіцелі Юрый Лізуноў, Валянцін Жыдкоў, Сяргей Ціханаў і Алег Куляўцоў.
Міхаіл КАРАНКЕВІЧ,
старшы аператыўны дзяжурны АДС РАУС.