Сплаў вопыту і маладосці
Мяркуючы па тым, як арганізавана і зладжана прайшло сёлетняе жніво ў нашай гаспадарцы КСУП “Жылічы”, адназначна можна сказаць, што тут працуюць добрасумленныя і адказныя людзі, якія ведаюць сапраўдную цану хлебу. Асабіста для мяне гэтая ўборачная кампанія — першая. Але, дзякуючы пастаяннай дапамозе і ўвазе з боку кіраўніка М.К. Агафонава, яго карысным парадам, значных упушчэнняў на ўборцы дапушчана не было.
Як кажуць, на жніве — як на жніве: камбайны з раніцы да позняга вечара малацілі зерне, вадзіцелі адвозілі яго на ток, дзе працаўнікі даводзілі ўраджай да патрэбнай кандыцыі. У нас было занята 6 збожжаўборачных экіпажаў, якія кожны дзень намалачвалі па 700 т хлеба. Усе механізатары — вопытныя, ім па сіле задача любой складанасці. Таму і ўбралі збожжавыя з плошчы 1169 га ў сціслыя тэрміны.
Сёлетняя ўраджайнасць нас вельмі парадавала: на круг пасеваў атрымана ў сярэднім па 56 ц/га, намалочана 6546 т збожжа. Добра ўрадзіла азімае трэцікале — 64 ц/га, азімае жыта — 60 ц/га, азімая пшаніца —58 ц/га, ячмень — 56 ц/га.
Усе працаўнікі — ад камбайнераў, вадзіцеляў да слесараў — працавалі, як кажуць, на адным дыханні. Яны не лічыліся з уласным часам, шчыравалі ад цямна да цямна, тым больш што надвор’е сёлета спрыяла хутчэйшаму правядзенню ўборачнай кампаніі. Лепшых вынікаў дабіліся экіпажы Аляксандра Храмянкова і Аляксандра Бычкова, Аляксея Грышчанкі і Сяргея Міхнёва, Уладзіміра Бычкова і Васіля Буталенкі, Мікалая Мазаля і Алега Сазонава, вадзіцелі Валерый Кісялёў, Аляксандр Скрыпуноў, Павел Чарняўскі.
Справіліся мы і з дзяржзаказам па ўсіх відах культур — пастаўлена 870 тон збожжавых.
Таксама выдзелілі камбайны для абмалоту каласавых на прысядзібных участках вяскоўцаў.
Зараз механізатары заняты на адвозцы саломы з палеткаў, ужо вызвалена ад яе 230 га. Таксама падрыхтавана плошча ў 90 га пад сяўбу азімага рапсу.
Уладзімір ПАЛЯЧЭНКА,
галоўны аграном
КСУП “Жылічы”.