Першы званок прагучаў у гімназіі горада Кіраўска
Першы званок, які 1 верасня прагучаў у гімназіі горада, традыцыйна сабраў вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў на ўрачыстую лінейку. Удзел у святочным мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, намеснік старшыні СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Наталля Шапавалава, намеснік начальніка РАУС Мікалай Назарчук, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Маісеенка, інспектар па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАНС Арцём Марозаў.
З Днём ведаў прысутных павіншавала Таццяна Бяляўская, якая, у прыватнасці, акрэсліла значэнне адукацыі, важнасць далейшага прафесійнага выбару сённяшнімі вучнямі. Звяртаючыся да гімназістаў, яна пажадала ім быць дастойнымі гэтага звання, з’яўляцца прыкладам для іншых у вучобе і грамадскім жыцці.
Упершыню парог гімназіі сёлета пераступілі 42 вучні. Для іх — гэта асаблівы дзень: прывычны рытм жыцця ў дзіцячым садку змяніўся для хлопчыкаў і дзяўчынак на школьны: званкі, урокі, перапынкі, першыя настаўнікі… З пажаданнямі дасягнуць вялікіх вяршынь першакласнікі разам са сваімі настаўнікамі выпусцілі ў неба паветраныя шары.
Першы званок, які далі першакласніца Арына Каверзнікава і вучань 11 класса Мікіта Лавіцкі, запрасіў вучняў на першы ўрок “Нам мир завещено беречь!”.
Новы навучальны год — адказная пара не толькі для вучняў. Гэта час клопатаў і трывог для педагогаў і бацькоў, які заўсёды кампенсуецца гонарам за поспехі і дасягненні дзяцей. Няхай гэты час будзе насычаным цікавымі падзеямі, новымі здзяйсненнямі і поспехамі!