Нам гады — не перашкода!..
Гэтую фразу ўпэўнена магла б аднесці да сябе кожная з удзельніц фізкультурна-аздараўленчага мерапрыемства — спартландыі “Даўгалецце”, наладжанай фізкультурна-спартыўным клубам раёна сумесна з раённым цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва і прымеркаванай да Дня пажылых людзей.
Трэба адзначыць, што на базе РЦСАН праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў для розных катэгорый жыхароў раёна, у тым ліку і для пажылых. Яны ж, у сваю чаргу, не застаюцца ў баку, актыўна ў іх удзельнічаюць. Вось і ў спартландыі жанчыны з запалам уключыліся ў спартыўную барацьбу. Конкурсы, прапанаваныя ўдзельніцам, былі для іх цікавымі — гэта адчувалася па тым азарце, з якім яны спраўляліся з заданнямі. З задавальненнем жанчыны паспаборнічалі на трапнасць у дартсе, кіданні мяча ў абруч. Спадабалася таксама заданне за 30 секунд як мага больш набіць тэнісны шарык аб ракетку.
Па суме балаў за ўсе конкурсы пераможцам спартландыі прызнана Валянціна Русецкая. Другое месца заняла Вольга Лукашэнка, трэцяе месца дасталося Яўгеніі Зайцавай.
Пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі ад фізкультурна-спартыўнага клуба раёна. Але, як зазначылі самі ўдзельніцы, галоўнае для іх было не перамагчы. Усе ў працэсе конкурсаў атрымалі значную порцыю бадзёрасці і зусім не думалі пра свой узрост.
Віктар БЯЛЯНАЎ, старшыня ФСК раёна.