“Я ганаруся, што з Беларусі!” У СШ №1 Кіраўска прайшла дэкада культуры
Бягучы год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. З гэтай нагоды ў СШ №1 райцэнтра была праведзена дэкада беларускай культуры, у межах якой ва ўстанове адукацыі прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай тэме. Былі наладжаны выставы ілюстрацый народных казак, малюнкаў пад агульнай назвай “Я ганаруся, што з Беларусі”. У класах праходзілі інсцэніроўкі беларускіх баек, творчыя конкурсы, вечары беларускай паэзіі, тэатралізаваныя прадстаўленні, інтэлектуальныя гульні па тэме беларускай культуры.
Завяршылася дэкада святам “Мы — беларусы”. Зранку ў фае школы было шматлюдна. Сіламі вучняў 1-4 класаў і іх настаўнікаў быў наладжаны кірмаш “Беларускія прысмакі”. За сімвалічную плату жадаючыя маглі пакаштаваць разнастайныя смачныя кулінарныя вырабы, выпечку, прыгатаваць якія школьнікам дапамаглі іх бацькі. Выручаныя грашовыя сродкі рабяты накіравалі на дабрачынныя мэты — узвядзенне помніка Герою Савецкага Саюза, піянеру-герою Марату Казею. Акцыю па збору сродкаў арганізавала грамадскае аб’яднанне “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.
Свята прадоўжылася ў актавай зале навучальнай установы, дзе сабраліся вучні, настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, бацькі, госці. Тут жа была прадстаўлена выстава вырабаў беларускіх народных промыслаў. А на сцэне гледачам была прапанавана вялікая канцэртная праграма. Дружнымі апладысментамі яны сустракалі песні, танцы, вершы, тэатральныя нумары ў выкананні школьнікаў, педагогаў. Уся праграма святочнага канцэрта цесна перапляталася з паняццямі Бацькаўшчына, Радзіма, беларуская культура.
Сапраўдным сюрпрызам для гледачоў стала выступленне народнага ансамбля “Мілавіца” з яго нязменным кіраўніком Уладзімірам Барэйшам. Зноў гледачы маглі атрымаць асалоду ад галасоў Паліны Бяляўскай, Надзеі Расолавай, Валянціны Старавойтавай, Наталлі Худалей, Клары Кіпрыянавай, Алены Бяляўскай і іншых удзельнікаў ансамбля. Арганізатары свята нагадалі этапы значнага творчага шляху заслужанага калектыву, сапраўднымі авацыямі сустракалі кожны музычны нумар у выкананні ўдзельнікаў ансамбля. Шчырыя словы падзякі за выступленне адрасаваў ім дырэктар школы Мікалай Казлоў, а школьнікі кожнаму з іх падарылі на памяць імправізаваныя абярэгі.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.