Цяжкаатлеты з Кіраўшчыны выступілі ў гасцях у Бабруйску нібыта дома
У Бабруйску прайшоў адкрыты чэмпіянат горада па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1999 года нараджэння і маладзей. Удзел у ім прынялі выхаванцы Кіраўскай ДЮСШ. Падапечныя трэнераў Кірыла Іваніцкага і Андрэя Асташова на памосце зусім не выглядалі гасцямі, заваяваўшы практычна ва ўсіх узроставых катэгорыях першыя і прызавыя месцы.
Кіраўчанін Мікіта Гунаеў стаў пераможцам, яшчэ адзін прадстаўнік райцэнтра Уладзіслаў Міхалап заваяваў “бронзу”. Выдатна выступілі юныя цяжкаатлеты з Любоніч. Першыя месцы на п’едэстале гонару занялі Арцём Чорны, Паліна Лазаковіч і Кацярына Валовіч. “Сярэбраныя” ўзнагароды дасталіся Уладзіміру Салановічу, Івану Пінчуку і Кацярыне Баранчук. Яшчэ адна “бронза” на рахунку Станіслава Еўдакімава. Большасць з названых рабят выканалі нарматывы юнацкіх і дарослых разрадаў.
У бліжэйшых планах нашых штангістаў выступленні на абласных спаборніцтвах у Магілёве і рэспубліканскіх — у Бабруйску.