Традыцыйны турнір памяці Аляксандра Ядлоўскага адкрыецца 15 лютага ў Жылічах
Традыцыйны турнір па міні-футболе памяці Аляксандра Ядлоўскага, які загінуў падчас ваенных дзеянняў у Афганістане, стартуе заўтра ў спартыўнай зале Жыліцкага сельгаскаледжа. Аб гэтым паведаміў супрацоўніку інтэрнет-рэсурса раённай газеты “Кіравец” кіраўнік фізічнай культуры Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзімір Пракопчык.
Сімвалічна, што адкрыццё спаборніцтваў, якія пройдуць на працягу паўтара месяца, супадае з Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Сёлета ў турніры прымуць удзел 10 каманд. Гэта зборныя навучэнцаў каледжа усіх чатырох курсаў, зборная выкладчыкаў навучальнай установы, а таксама каманды ААТ “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, КСУП “Чырвоны баец”, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў. Чакаецца ўдзел гасцей з Бабруйска. Магчыма, падключацца да спаборніцтваў футбалісты з Асіповіч.