Дастойнае выступленне кіраўскіх шахматыстаў
У Магілёве прайшлі абласныя спаборніцтвы па шахматах у праграме круглагадовай Спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.
У ліку дзевяці каманд-удзельніц выступала і зборная нашага раёна, якая цалкам складалася з пяцярых вучняў СШ №1 (4 хлопчыкі і 1 дзяўчынка).
Кіраўчане дастойна правялі свае паядынкі. У камандным заліку наша каманда абыграла зборныя Крычаўскага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага і Бабруйскага раёнаў. Ва ўпартай барацьбе не ўдалося пераўзысці моцныя каманды з Бабруйска, Магілёва і Асіповіцкага раёна, якія ў такім парадку і занялі першыя тры месцы. Наша зборная паказала чацвёрты рэзультат. Трэба адзначыць, што спрачацца з прадстаўнікамі буйных гарадоў вобласці Кіраўску пакуль цяжка, бо іх прадстаўнікі займаюцца ў спецыялізаваных шахматных аддзяленнях пры дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах.
У агульны залік нашай каманды 5 ачкоў прынёс Віктар Будніцкі, Максім Жукоўскі — 4,5, Станіслаў Эзрын — 4. А больш за ўсіх балаў набрала Паліна Бодык: яна выйграла шэсць партый з васьмі, уступіўшы пры гэтым толькі вопытным прадстаўніцам Магілёва і Бабруйска. Яе брат, Аляксей Бодык, быў самым малодшым з удзельнікаў. Тым не менш, другакласнік з Кіраўска двума баламі папоўніў скарбонку нашай каманды.
Аляксандр ХАХЛОЎ.