Кіраўскія веласіпедысты — на п’едэстале гонару!
Чарговых поспехаў на прэстыжных спаборніцтвах дабіліся веласіпедысты — былыя выхаванцы аддзялення веласпорту Кіраўскай ДЮСШ.
У Мінску прайшоў Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь у парнай гонцы на прызы Барыса Бальшакова. Аб яго выніках рэдактару інтэнэт-рэсурса рэдакцыі “Кіраўца” старшы трэнер ДЮСШ па веласпорце Сяргей Клімовіч.
Званне чэмпіёна заваяваў удзельнік нядаўняга Чэмпіянату свету Раман Цішкоў. У пары з прадстаўніком Жлобіна Яўгенам Ахраменкам яны абышлі заняўшых другое месца гродзенцаў. А ў другога кіраўскага паўпрэда ёсць “бронза”. Трэцяе месца ў пары з прадстаўніком Магілёўскай вобласці Гардзеем Цішчанкам заваяваў наш Канстанцін Бяляўскі.
У жанчын не было роўных парам з Гомельшчыны: яны занялі дзве першыя прыступкі п’едэсталу гонару. А вось на трэцюю па праву ўзышлі выхаванкі Кіраўскай ДЮСШ: бронзавыя медалі прымерылі Марына Кучынская і Надзея Свіркова.
На наступны дзень прайшло Першынство краіны ў групавой гонцы. У малодшых дзяўчат бліснула майстэрствам Ганна Васількова: па суме набраных ачкоў яна заняла першае месца і прайшла адбор ў састаў зборнай Беларусі для ўдзелу ў летнім еўрапейскім юнацкім Алімпійскім фестывалі, які ў ліпені пройдзе ў венгерскім горадзе Дз’ёр.
Ёсць медалі і ў нашых жанчын. Другое месца ў групавой гонцы заняла Марыя Рудак, трэцяе — Марына Кучынская.