“Мая сям’я — крыніца шчасця і натхнення”, — менавіта так гаворыць Вераніка Санькова з аг.Мышкавічы Кіраўскага раёна
Разам з мужам Уладзімірам яны выхоўваюць чацвёра дзяцей: старэйшаму Косцю ўжо 19, ён — першы памочнік і па хатняй гаспадарцы, і на прысядзібным участку, 11-гадовая Ульяна і 7-гадовая Васіліса дапамагаюць матулі спраўляцца з “жаночымі” справамі — прыбраць у доме, прыгатаваць штосьці смачнае, а ўсе разам — яны вельмі любяць і песцяць 10-месячнага Цімура.
“Вы сталі маці” — пачуўшы менавіта такія словы ў жыцці, лічыць Вераніка, у кожнай жанчыны наступае новы віток сямейных адносін, перыяд асэнсавання будучыні, адказнасці за свае ўчынкі.
Знаёмства з гэтай сям’ёй адбылося ў іх доме, які сям’я яшчэ добраўпарадкоўвае, дабудоўвае і дабаўляе штосьці новае ў яго афармленне. Ужо па першых кроках па прысядзібным участку стала зразумелым, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары: акуратна падкошаны газон, мноства самых розных кветак, хвойных дрэў і кустоў, усё дасканала распланавана, зроблена з густам. Крочым далей і вачам адкрываецца прыгожая карціна: нібыта казачны домік, стаіць альтанка, побач — вялізная лазня і дзіцячая пляцоўка з горкамі і драўлянымі арэлямі. Вераніка не без гонару адзначае, што ўсё гэта зроблена рукамі мужа, які, нягледзячы на вялікую занятасць (Уладзімір вядзе фермерскую гаспадарку) заўсёды знаходзіць час для сям’і.
Наша гутарка праходзіць у сталовай за вялізным сталом: жаночым поглядам бачу, што ўсё зроблена з густам, ад чаго пакой выглядае вельмі ўтульным і светлым. Аказваецца, дызайнерскія задумкі як у доме, так і на прысядзібным участку належаць маладой гаспадыні, а ўвасабляе іх у жыццё муж.
Вераніка нарадзілася і вырасла ў Кіраўску. Аб тым, што будзе мнагадзетнай маці, шчыра кажа, нават і не думала. Затое Уладзімір, які нарадзіўся і вырас у мнагадзетнай сям’і, пра такую і сам марыў. Аднак, па словах маладой жанчыны, калі даведалася, што зноў стане мамай, была бязмерна шчаслівая. Нараджэння малыша ўсе вельмі чакалі.
Задаю пытанне пра дзяцей, іх захапленні. Бачна, што Саньковы імі ганарацца.
Косця і дзяўчынкі добра навучаюцца, да таго ж, Ульяна і Васіліса на паглыбленым узроўні вывучаюць англійскую мову, займаюцца танцамі. Асноўны ўпор у іх выхаванні робяць на прывіццё самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі, упэўненасці ў сабе.
Нядаўна Ульяна і яе стрыечная сястра Аляксандра прымалі ўдзел у міжнародным конкурсе па замежных мовах, які праходзіў у Італіі і прынёс Саньковым перамогі на розных яго этапах.
Свой дом Вераніка і Уладзімір называюць маленькім Шанхаем: у ім заўсёды шмат гасцей, сяброў дзяцей. Але яны, як адкрытыя і пазітыўныя людзі, гэтаму толькі рады.
Своеасаблівы “канёк” Веранікі — кулінарыя. Яна віртуозна гатуе розныя смачныя стравы, выпякае салодкасці і торты, прычым вельмі творча падыходзіць да іх упрыгожвання. Кулінарныя шэдэўры мне паказалі на шматлікіх фотаздымках: цікавыя задумкі, розныя памеры, формы, колеры салодкіх стварэнняў.
Многія лічаць, што мнагадзетная мама — гэта чалавек, які вымушаны «прапісацца» на кухні. Сапраўды, каб штосьці смачненькае прыгатаваць, трэба правесці там шмат часу. Але падраслі ўжо маміны памочніцы — дочкі Ульяна і Васіліса: яны і з печывам дапамагаюць, і посуд памыюць, і парадак навядуць. Прычым, у іх доме так заведзена, стымулам становяцца матэрыяльныя выгоды. І ніхто нікога не прымушае, кожны, як самастойная асоба, сам вырашае, якім чынам зарабляць на кішэнныя расходы.
У значныя святы, а Саньковы іх адзначаюць усе, гаспадыня імкнецца радаваць дамачадцаў рознымі прысмакамі. Дзеці вельмі любяць Новы год і дні нараджэння: бо іх абавязкова чакаюць падарункі і прыемныя сюрпрызы.
Пабываўшы ў гасцінным доме Веранікі і Уладзіміра, адразу заўважаеш, наколькі ветлівыя і культурныя іх дзеці. Адчуваецца добрае выхаванне, паважлівыя адносіны адзін да аднаго.
Ёсць у мнагадзетнай матулі яшчэ адзін талент, яна — вельмі творчая натура: на кожнае свята ці конкурс яе дачушкі ідуць у казачных арыгінальных касцюмах, якія яны робяць уласнымі рукамі. Складанне кветкавых букетаў — таксама яе “стыхія”: кветкі для Веранікі — і хобі, і адпачынак для душы. Па словах жанчыны, яна бязмерна любіць кожную кветачку, нават палявую, таму ў доме іх заўсёды шмат.
Вераніка лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам: яна — любімая жонка і матуля, цудоўная дачка, сяброўка. Увесь свой час, кожную хвіліну яна імкнецца прысвяціць сябе сям’і, якая служыць крыніцай сіл і натхнення, святла і радасці, жадання жыць і рабіць свет вакол больш прыгожым і добрым.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара
і з сямейнага архіва.