Са святам, Прыдняпроўскі край!
Кастусь Кірэенка
Магілёўшчына
Як толькі ліпень прыйдзе — не стрымаеце.
Я ўжо на крыллях.
Хто суддзя пачуццям?
Там, дзе шырокі Сож сярод бароў звіваецца,
Пакуль жыву —
Адно б твой голас чуць мне.
Гучаць дзяўчат запевы ў лузе скошаным.
Грымяць
Заводаў цэхі
Несціхана.
Зямля маёй цудоўнай Магілёўшчыны,
Ты ўся з красы і радасці саткана!
Як тут уладзіць сэрцу ўсхваляванаму!
Над жытняй нівай, над вадой крынічнай,
Сябры мае,
Яно зязюляй стане
І шмат гадоў шчаслівых вам наліча.
Ад звону піл аж стогне палясоўшчына —
Для шчырай працы зніклі перашкоды.
Зямля маёй цудоўнай Магілёўшчыны.
Я чую тваёй будучыні подых.
Там, дзе палын уранак сее росныя
Зярняты на пясчаныя лагчыны,—
Там пройдуць поля тлустыя барозны
І вырастуць жыты і садавіна.
Там, дзе рака сягоння ў бераг грукае,
Шукаючы ў Дняпро напрамак просты,—
Электрастанцыі гудзенне гулкае
Народзіцца і збудзіць краю вёрсты.
А між палёў дарогі лягуць новыя —
Ад Крычава да Горак і Мсціслаўля.
І буду шчасны я,
Калі вясноваю
Я песняй тваёй шчасце шчыра ўслаўлю;
Калі змагу, табою ў ласцы ўзрошчаны,
Тваю красу падняць у мужным слове…
Зямля маёй
Цудоўнай Магілёўшчыны,
У радаснай, у ласкавай абнове!
1949