Дзевяць дзесяцігоддзяў за плячыма…
Шумна і людна было ў адзін з сакавіцкіх нядзельных дзён у хаце ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Іванавіча Шчэрбіча з Віленкі: каб адзначыць яго 90-гадовы юбілей, тут сабраліся дзеці, унукі, праўнукі.
Завіталі сюды з кветкамі, падарункамі, шчырымі словамі віншаванняў і пажаданняў намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук, кіраўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў: “Белая Русь” — Васіль Маркевіч, “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” — Эма Карпук, “Беларускі фонд міру” — Вольга Гаршкова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.
Гаспадар і яго жонка Ніна Рыгораўна шчыра радаваліся. У Аркадзя Іванавіча слабае зда-роўе, праблемы са зрокам, і спадарожніца жыцця — яго надзейная памочніца ва ўсім.
Госці ўрачыста ўладкавалі на доме памятную таблічку “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!” — гэта ажыццяўляецца ў межах рэспубліканскай акцыі “Тут жыве ветэран”.
І, як звычайна бывае падчас такіх сустрэч, завязалася размова аб жыццёвым шляху юбіляра, простага вясковага чалавека, які ў маладыя гады разам з іншымі абараняў сваю Айчыну ад ненавіснага ворага, а потым доўгі час сумленна працаваў у сельскай гаспадарцы.
Аркадзь Іванавіч Шчэрбіч нарадзіўся ў Віленцы, тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва, якое абпаліла сваім полымем вайна. У дзеючую армію ён быў прызваны ў чэрвені 1944 года. Ваяваў з ворагам у саставе 170-га гвардзейскага стралковага палка.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў савецкія войскі рушылі пераможным маршам на захад. У адным з баёў пад Беластокам Аркадзь Шчэрбіч быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі, атрымаў II групу інваліднасці і ў студзені 1945 года вярнуўся дамоў.
Хоць не надта працяглым быў яго ваенны шлях, але нямала выпрабаванняў выпала на яго долю.
Сваё працоўнае жыццё пасля вайны А.І.Шчэрбіч прысвяціў саўгасу “Бераснёўскі”: быў цялятнікам, конюхам і заўжды старанна, з адказнасцю выконваў сваю справу, за што яго заўжды паважалі кіраўніцтва гаспадаркі, землякі. Неаднаразова ён выходзіў пераможцам раённага сацыялістычнага спаборніцтва.
У 1973 годзе Аркадзь Іванавіч быў аформлены на пенсію па інваліднасці, але працягваў працаваць яшчэ дзесяць гадоў.
Гэткімі ж адносінамі да працы вылучалася і жонка Ніна Рыгораўна, яна таксама шчыравала ў жывёлагадоўлі.
На такіх людзях — сціплых, добрасумленных, руплівых, працавітых — трымаецца наша зямля.
Шчэрбічы выгадавалі чацвёра дзяцей: двое пражываюць у Бабруйску, двое — адпаведна ў Пацавай Слабадзе і Магілёве. Часта прыязджаюць да матулі і бацькі, дапамагаюць. Вельмі шчаслівыя гаспадары, калі да іх наведваюцца ўнукі і пра-ўнукі: першых у іх пяцёра, другіх — чацвёра. Вось якая памножаная на дзевяць радасць!
Аркадзь Іванавіч у размове адзначыў, што зараз жывецца добра: пенсію своечасова дастаўляюць, у магазінах усё ёсць. Ён папрасіў праз газету выказаць ад яго імя ўдзячнасць загадчыку Баравіцкага ФАПа Святлане Васільеўне Вараб’ёвай за ўвагу, клопат, добразыч-лівасць.
На пытанне, што яго найбольш клапоціць у сённяшнім жыцці, ветэран шчыра сказаў: “У такім неспакойным свеце трэба рабіць усё магчымае, каб на нашай роднай зямлі быў мір”.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара.
На здымках: у юбілейны дзень у хаце Аркадзя Іванавіча і Ніны Рыгораўны Шчэрбічаў.