Кніга жыцця даўжынёй у стагоддзе

Кніга жыцця даўжынёй у стагоддзе

Сто гадоў… Цэлая эпоха. Кнігу жыцця такой даўжыні напісалі чацвёра жыхароў Кіраўшчыны: летась — Ігнат Цімафеевіч Габрусь і Іван Сяргеевіч Рыняк, а сёлета, у першы дзень новага года, гэты спіс папоўнілі Ганна Іванаўна Сіліч і Марыя Рыгораўна Дамарод. Гэтыя людзі нарадзіліся ў той час, які не адно пакаленне іх нашчадкаў вывучала на ўроках гісторыі. Яны заспелі часіны праўлення апошняга цара Расійскай імперыі Мікалая ІІ, на іх долю выпалі гады ваеннага ліхалецця, сталінскіх рэпрэсій, пасляваенная разруха, распад магутнай савецкай дзяржавы. Яны былі сведкамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, калектывізацыі, першага палёту чалавека ў космас, станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь… Ім можа пазайздросціць любы гісторык. Яны — легенда.
Павіншаваць Г.І.Сіліч з юбілеем завіталі работнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, начальнік аддзела ідэалагічнай работы СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоўскага Яўген Пішчалін і супрацоўнікі раённай газеты. Юбілярша сустрэла нас цёплым позіркам і ветлівай усмешкай, а выглядае яна на ўсе 100… працэнтаў.
САКРЭТ ДАЎГАЛЕЦЦЯ ГАННЫ ІВАНАЎНЫ СІЛІЧ
— Усё ў мяне добра, а было ўсяляк, так і трэба, — гаворыць Ганна Іванаўна. — Нас было 9 дзяцей у сям’і, мы рана асірацелі. Малых хацелі забраць у дзіцячы дом, але старэйшая сястра не аддала. Так і гаравалі: і галодныя бывалі, і голыя, і босыя, і непісьменнымі засталіся. А цяпер добра жыць, толькі старасць прыйшла.
Нарадзілася Г.І.Сіліч у Бабруйскім раёне, у 16 год выйшла замуж і пераехала да мужа ў Валосавічы. Працавала ў калгасе, муж Канстанцін Сцяпанавіч быў бухгалтарам. У 1939 годзе яго забралі ў армію, ён удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Польшчы. Як камуніста, пакінулі ў Беластоку, туды пераехала і Ганна. Праз паўгода прыехала на радзіму пагасцяваць, тут яе заспела Вялікая Айчынная вайна. Як і ўсім людзям таго пакалення, шмат давялося перажыць нашай гераіне і ў час вайны, і пасля яе. Да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына працавала даяркай у калгасе «Рассвет», пасля яшчэ 4 гады — цялятніцай, а потым аж да 80-ці гадоў — у паляводчай брыгадзе. Агульны працоўны стаж Г.І.Сіліч — крыху больш 60-ці год, і ўсюды яна працавала сумленна, за што не раз была адзначана рознымі ўзнагародамі.
Васемнаццаць гадоў жанчына жыве без гаспадара. Пакуль была маладзейшай, спраўлялася сама з гаспадаркай, а вось ужо шосты год, як дачка Г.К. Іваніцкая ўгаварыла маці пераехаць да яе ў Кіраўск.
Вельмі любіць юбілярша спяваць песні сваёй маладосці. А спяваць ёсць для каго: дачка — побач, сябры і сваякі не забываюць, наведваюць, а галоўнае багацце жанчыны — двое ўнукаў, трое праўнукаў і трое прапраўнукаў, якія таксама вельмі любяць і паважаюць сваю бабулю.
А вось якія пажаданні выказала Ганна Іванаўна:
— Дай Бог, каб усе вы добра жылі, здаровымі былі, вясёлымі і багатымі і адзін аднаго любілі і паважалі; калі будзеш паважаць людзей, то і яны цябе будуць паважаць. Я за сваё жыццё нікому нічога дрэннага не зрабіла, для мяне ўсе людзі добрыя, спадзяюся, і я для іх добрая.
Цяжка сказаць, каму колькі наканавана лёсам, а вось да парад доўгажыхаркі, мяркую, варта прыслухацца.
Каб больш
пражыць, трэба больш працаваць
Менавіта такой жыццёвай формулы прытрымлівалася ўсё сваё свядомае жыццё Марыя Рыгораўна Дамарод.
Доўгі жыццёвы шлях жанчыны не быў лёгкім. Рана аўдавела — муж загінуў на фронце. Дзвюх дачушак пахавала, калі тыя былі яшчэ маленькімі, а яшчэ траіх дзяцей — сына і дзвюх дачок — на ногі ставіла адна. Не трэба тлумачыць, якім гаротным было і пасляваеннае жыццё. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак Марыя Рыгораўна працавала ў калгасе на ферме, а, знаходзячыся на пенсіі, — яшчэ і ў паляводчай брыгадзе.
І сёння, у свае 100 год, доўгажыхарка не любіць марна траціць час. “Гэта ж сумна — сядзець на адным месцы, — гаворыць юбілярша. — Без працы і жыць цяжка”. Бабуля Марыя не скардзіцца на дрэнны апетыт, слабы зрок ці павышаны ціск — усё і сёння ў норме. А лякарстваў наогул ніколі ў жыцці не ўжывала і пры гэтым не хварэла. Вельмі любіць Марыя Рыгораўна пагаварыць з субяседнікамі, радуецца, калі да яе завітваюць госці. А галоўны любімы занятак бабулі — вязанне. Трэба бачыць, як пальцы гэтай сталай жанчыны спраўляюцца з вязальнымі спіцамі — пазайздросцяць маладыя.
Любяць Марыю Рыгораўну дачка Ганна Яўсееўна, з якой яна жыве, і вялікая “армія” родзічаў: сямёра ўнукаў, дзевяцёра праўнукаў і адзін прапраўнук. Зычаць любімай бабулі, каб не пакідала яе здароўе, а іх яна радавала шарсцянымі шкарпэткамі ці іншымі вырабамі — безумоўна, уласнай “вытворчасці”.
Галіна РУСЕЦКАЯ,
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Последние новости

Духовность

28 апреля – Вход Господень в Иерусалим

28 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

28 апреля – Всемирный день охраны труда

28 апреля 2024
Общество

Как будет работать Кировская райбольница в мае

26 апреля 2024
Общество

Жители Кировщины – об историческом событии

26 апреля 2024
Акция!

Республиканская профилактическая акция “Мотоциклист” пройдёт на Кировщине

26 апреля 2024
Общество

Об историческом событии – из первых уст

26 апреля 2024
Общество

Об историческом событии – из первых уст

26 апреля 2024
Общество

Прямая телефонная линия

26 апреля 2024
Общество

26 апреля – День Чернобыльской трагедии

26 апреля 2024
Общество

Прямая линия по вопросам потребительской кооперации

26 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

На Кировщине ограничат движение в связи с велосипедными гонками

23 апреля 2024
Знай наших!

Кировчанка – победитель республиканского конкурса

23 апреля 2024
В стране и мире

Задержан наркозависимый экстремист с арсеналом

18 апреля 2024
Безопасность жизнедеятельности

В Кировске произошёл пожар в общежитии

23 апреля 2024
Общество

Родине служить – священный долг

18 апреля 2024
2024 - Год качества

С 29 марта по 22 апреля на выставке достижений народного хозяйства в Москве проходит выставка, посвящённая Дням Могилёвской области

17 апреля 2024
Знай наших!

Кировский триумф в Бресте! И не только…

23 апреля 2024
Актуально

“Весенний бал” принял молодых специалистов Могилёвщины в Жиличах

19 апреля 2024