3 снежня работнікі юрыдычных службаў Кіраўшчыны адзначаюць прафесійнае свята
3 снежня работнікі юрыдычных службаў Кіраўшчыны адзначаюць прафесійнае свята
Таццяна Шашанка ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва юрысконсультам працуе больш за 12 гадоў. Спецыяльнасць юрыста Таццяна Сяргееўна атрымала падчас вучобы ў Бабруйскім аграрна-тэхнічным каледжы. Як паказала жыццё, веды, якія яна набыла за гады вучобы, — гэта толькі тэорыя. А на практыцы — рэальныя людзі, канкрэтныя пытанні і сітуацыі. І ўсё трэба зрабіць правільна, абгрунтаваць рашэнне, а, галоўнае, — ведаць законы і ўмець іх прымяняць.
Сёння сфера яе дзейнасці ахоплівае шырокі спектр пытанняў: дагаворы, вядзенне кадравай работы, прававая дзейнасць РЦСАН і іншае.
У спрэчных сітуацыях Таццяна Шашанка імкнецца ўлічваць інтарэсы ўсіх бакоў і дзейнічаць строга ў адпаведнасці з заканадаўствам і нарматыўнымі актамі.
Каб быць дасведчанай ва ўсіх юрыдычных справах, жанчына займаецца самаадукацыяй, чытае тэматычныя артыкулы, спецыяльную літаратуру, чэрпае неабходную інфармацыю на спецыялізаваных інтэрнэт-сайтах. Яна ведае: спыніцца на шляху авалодвання прававымі ведамі — значыць, страціць сябе ў прафесіі.
Галоўным у сваёй рабоце Таццяна Сяргееўна лічыць уважлівасць і дакладнасць ва ўсім. Таму стрыманасць, уседлівасць, дасканаласць і жаданне крочыць наперад даўно з’яўляюцца яе пастаяннымі спадарожнікамі.
Дарэчы, сын Дзмітрый пайшоў па слядах маці: скончыў МДУ імя А.А.Куляшова па спецыяльнасці “правазнаўства”. Так што, у сям’і зараз два спецыялісты з трывалымі ведамі літары закона.