Кіраўскія школьнікі на губернатарскай ёлцы
Напярэдадні Новага года ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці прайшла традыцыйная губернатарская ёлка. Яна была арганізавана ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” і сабрала больш за 600 рабят.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел выдатнікі вучобы, пераможцы раённых і абласных алімпіяд, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі з усіх рэгіёнаў Прыдняпроўскага края.
Разам з іншымі дзецьмі на свяце пабывалі і прадстаўнікі Кіраўшчыны. У дэлегацыю на чале з начальнікам аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталляй Траццяковай увайшлі адны з лепшых вучняў нашага раёна. У іх ліку Макім Жукоўскі, Марыя Ніканава і Максім Дадуш з СШ №1, Ангеліна Безлер, Віталіна Дзяшковіч і Ягор Коршак з СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, Ніка Лосева, Аляксей Аўсянік і Міхаіл Аўсянік з Любонікага УПК ДС-СШ, Лізавета Кісялёва з Жыліцкага УПК ДС-СШ і Іван Балахнін з Мышкавіцкай СШ.
З навагоднімі святамі ўдзельнікаў шчыра павіншаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Ён падкрэсліў, што ў зале сабраліся лепшыя сярод вучняў, якія паказалі выдатныя рэзультаты ў вучобе, праявілі сябе на алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах разнастайнага ўзроўню. Сваімі дасягненнямі, адзначыў губернатар, гэтыя школьнікі праслаўляюць Магілёўшчыну. У Беларусі шмат робіцца дзеля таго, каб моладзь усебакова развівалася, рэалізоўвала сябе і свой творчы патэнцыял, падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. На гэтым шляху незаменнымі памочнікамі рабят выступаюць бацькі, педагогі і выхавальнікі. Кіраўнік рэгіёна пажадаў дзятве поспехаў у вучобе, новых уражанняў і сустрэч. Затым ён уручыў школьнікам салодкія падарункі, а ў адказ атрымаў карціну “Зімовыя забавы” і сувенірную навагоднюю цацку, якія былі створаны рукамі таленавітых дзяцей Магілёўскай вобласці.
А напрыканцы ўзіх уразіў вывезены на сцэну двухмятровы фантан з 53 бісквітных тортаў. У цэнтры салодкай кампазіцыі сядзела пакрытая каляровай цукровай пудрай шакаладная свінка — сімвал 2019 года. Торты для рабят па ўнікальнай рэцэптуры ўсяго за адну ноч вырабілі кандытары ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.
Святочныя мерапрыемствы, арганізаваныя ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, працягваюцца. 3 студзеня ў Магілёве арганізавана губернатарская ёлка з удзелам дзяцей-інвалідаў, апякунскіх і прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Ад нашага раёна удзел у ёй прынялі 17 рабят — гэта прадстаўнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Калінкіных і Бяляўскіх, а таксама двое выхаванцаў Кіраўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Фото с сайта http://mogilev-region.gov.by