Бяспечных паездак!
Прафесія вадзіцеля была і застаецца адной з самых масавых, паважаных і запатрабаваных. А ў вадзіцеля рэйсавага аўтобуса яна яшчэ адказная і складаная — напэўна, нікога ў гэтым не трэба пераконваць. Кожны раз, калі вадзіцель садзіцца за руль, ён адказвае за жыццё і здароўе сваіх пасажыраў. Акрамя гэтага, патрэбна яшчэ своечасова даставіць іх да месца прызначэння.
Гэты важны ўчастак работы ў філіяле Аўтапарк №14 ААТ “Магілёўаблаўтатранс” давяраюць найбольш падрыхтаваным і добрасумленным работнікам. Адзін з іх — Леанід Акушэвіч, які нязменна працуе тут звыш 33 гадоў.
Яшчэ ў юнацтве ён набыў навыкі ваджэння аўтамабіля, падмацоўваў іх падчас службы ў арміі. Усе — і калегі, і пасажыры — ведаюць Леаніда Мікалаевіча як ветлівага, добразычлівага, сціплага, ураўнаважанага чалавека і сапраўднага прафесіянала сваёй справы. Аб бездакорным выкананні ускладзеных на яго абавязкаў сведчаць шматлікія Ганаровыя граматы, падзякі, грашовыя прэміі.
Дарэчы, увогуле ў аўтапарку працуе 15 аўтобусаў, якімі за 9 месяцаў г.г. выканана 6167,3 тыс. пасажыра-кіламетраў, перавезена 251,7 тыс. пасажыраў, што да ўзроўню мінулага года складае адпаведна 102,8% і 100,3%. Кожны вадзіцель імкнецца максімальна якасна абслугоўваць аўтобусныя маршруты з тым, каб жыхары нават самых аддаленых населеных пунктаў раёна мелі магчымасць выехаць па справах у патрэбны ім пункт прызначэння.
Леанід Мікалаевіч прымае актыўны ўдзел у розных спаборніцтвах: у абласных конкурсах па прафесійным майстэрстве сярод вадзіцеляў, па манеўраванні дабіўся добрых вынікаў. І ўсё гэта дзякуючы адказнаму стаўленню да працы, любові да тэхнікі.
Л.Акушэвіч з’яўляецца настаўнікам моладзі, на яго раўняюцца іншыя члены калектыву. Ён — надзейны тыл для сваёй другой палавінкі, аўтарытэт для сына і дачкі, а тыя, у сваю чаргу, таксама радуюць бацьку сваімі поспехамі.
Няхай і ў далейшым для Леаніда Мікалаевіча, як і для ўсіх іншых вадзіцеляў, будуць удачнымі рэйсы, а для іх пасажыраў — шчаслівыя паездкі.
Таццяна БАРАДЗІНА.