9 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры
З выдатным настроем сустракае прафесійнае свята дырэктар дзяржаўнай установы “Жыліцкі гістарычны комплекс-музей” Ларыса Забелава. Дарэчы, яно стала сямейным: муж Міхаіл і трое іх сыноў таксама звязалі свой лёс з гэтай цудоўнай прафесіяй — іх заліхвацкія пераборы на баянах мноства разоў зачароўвалі гледачоў падчас канцэртаў.
Ларыса Віктараўна ўсёй душой аддадзена справе свайго жыцця — захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Яна добра ведае і любіць слаўную гісторыю Жыліч і палацава-паркавага ансамбля. Дзякуючы яе натхнёным расказам наведвальнікі комплекса-музея нібы акунаюцца ў сівую даўніну і часіны больш познія, даведваюцца пра факты і легенды гэтых мясцін. Кіраўнік установы з цікавасцю паведамляе аб экспазіцыях, размешчаных у адрэстаўраваных памяшканнях палаца.
Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў. Ён ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.