Паслугі, якія заўсёды запатрабаваны
Немагчыма ўявіць наша сучаснае жыццё без цырульняў, пунктаў пракату, рамонтных майстэрняў, паслугі якіх заўсёды намі запатрабаваны. Гэты факт надае ролі бытавога абслугоўвання статус сацыльнай значнасці і важнасці. Дзякуючы добрасумленнай працы людзей, прафесійны шлях якіх праходзіць у сферы бытавых паслуг, наша жыццё становіцца больш камфортным.
На тэрыторыі Кіраўшчыны асноўным спецыялізаваным прадпрыемствам, якое аказвае бытавыя паслугі жыхарам райцэнтра і сяльчанам, з’яўляецца УКП “Кіраўскія бытпаслугі”. Яго структура складаецца з 10 падраздзяленняў: Цэнтра бытавых паслуг, вытворчай базы цэха дрэваапрацоўкі, а таксама 8 комплексна-прыёмных пунктаў, якія забяспечваюць бытавое абслугоўванне вяскоўцаў.
Касір-прыёмшчык КПП аг.Стайкі Любоў Печань (на здымку) працуе ў сферы бытавога абслугоўвання з 2016 года. Тэрмін невялікі, але дастатковы, каб зразумець: сённяшні дзень прад’яўляе спецыялістам гэтай галіны дзейнасці высокія патрабаванні. Любоў Мікалаеўна ўпэўнена, што незалежна ад прапануемай паслугі трэба быць уважлівым, выканальным, акуратным, а таксама камунікабельным і цярплівым работнікам.
Наведвальнікі Стайкаўскага КПП карыстаюцца паслугамі індпашыву і рамонту адзення, абутку і мэблі, пракату, хімчысткі і рытуальнымі, распілоўкі, вытворчасці вырабаў з дрэва. Два разы ў месяц у Стайкі прыязджае цырульнік.
Любоў Печань расказала, што часцей за ўсё ў вяскоўцаў запатрабаваны цырульніцкія паслугі. З задавальннем набываюць швейныя вырабы.
Летась у Стайках былі значна палепшаны ўмовы бытавога абслугоўвання насельніцтва: комплексна-прыёмны пункт перавялі са старога не зусім камфортнага і ўтульнага будынка ў вялікае адрамантаванае памяшканне адміністрацыі Стайкаўскага сельвыканкама.
Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – цудоўная нагода падзякаваць работнікам бытавой сферы за іх цярплівасць, майстэрства і прафесіяналізм.
Падрыхтавала Яўгенія Бялько.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.