Кіраўскія меліяратары — з клопатам пра стан земляў
Прадстаўнікі прафесіі меліяратара, выконваючы свае працоўныя абавязкі, ператвараюць пустуючыя безжыццёвыя землі ва ўрадлівыя сельгасугоддзі, на якіх улетку каласяцца збожжавыя ці зелянее сакавітая трава.
На тэрыторыі нашага раёна меліярацыйную дзейнасць ажыццяўляе ААТ “ПМК-97 Вадбуд”, якое ўзначальвае Аляксандр Казека. Сярод асноўных відаў дзейнасці таварыства – агульнае будаўніцтва аб’ектаў і водных збудаванняў, рэканструкцыя і ўтрыманне меліярацыйнай сеткі ў спраўным стане. Сёння працаўнікоў таварыства можна бачыць на аб’ектах літаральна па ўсёй Кіраўшчыне, бо дзейнасць іх шматпрофільная.
Будні меліяратараў – тэхнічны догляд за меліярацыйнымі сеткамі: ачыстка каналаў ад заглейвання, ад драўляна-хмызняковай расліннасці, прычым праводзяць гэтыя работы ўручную, выкарыстоўваюць гербіцыды, а таксама абкоска дамб і дарог, рамонт гідратэхнічных збудаванняў.
Летась на 122% перавыканалі план па ачыстцы каналаў ад заглейванння, на 20,9% – па іх абкосцы, на 85% – па выдаленні хмызняку. У выніку выканання гэтых і іншых паказчыкаў удалося амаль на 41% (у параўнанні з 2018 г.) павысіць сярэднемесячную заработную плату работнікаў.
У мэтах паляпшэння фінансавага стану акцыянернага таварыства меліяратары імкнуцца пашыраць кола сваёй дзейнасці: так, летась, аказвалі падрадныя паслугі па рамонце дахаў жывёлагадоўчых памяшканняў у сельгасарганізацыях раёна, праводзілі добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый. Прафесіяналізм і адказнасць вадбудаўцаў дазваляюць ім своечасова і паспяхова выконваць не толькі свае планавыя заданні, а таксама ажыццяўляць рэканструкцыю меліярацыйных сетак у іншых раёнах вобласці. У мінулым годзе, напрыклад, нашы меліяратары прывялі ў належны стан водныя збудаванні, аб’екты і сеткі на тэрыторыях Асіповіцкага, Горацкага, Магілёўскага раёнаў. Заказчыкі засталіся задаволенымі якасцю выкананых работ і, як вынік, сёлета кіраўчане праводзяць рэканструкцыю меліярацыйных сетак у Шклоўскім і Бялыніцкім раёнах. Паралельна вядуць работы па тэхнічным доглядзе водных збудаванняў у нашым раёне. Так, зараз ажыццяўляецца бягучы рамонт меліярацыйных сетак на рэчках Кострычка, Ала і Дубровіца.
За 5 месяцаў бягучага года мясцовыя меліяратары перавыканалі гадавое заданне па рамонтна-эксплуатацыйных работах, якія датуюцца з абласнога бюджэту і на 77% – з рэспубліканскага.
На прадпрыемстве зараз працуе каля 50 чалавек. Касцяк калектыву – людзі, прысвяціўшыя меліярацыі не адзін дзясятак год свайго жыцця. Ёсць і дастойная маладая змена, якая пераймае вопыт старэйшых калег, унікае ў спецыфіку работы.
З нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматы ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўвадбуд” удастоены трактарыст Леанід Сцепаненка, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама – машыніст бульдозера Аляксандр Капусцін.
Як адзначыў Аляксандр Казека, слоў удзячнасці за добрасумленную і адказную працу таксама заслугоўваюць трактарысты Юрый Амбрасёнак і Васіль Бяляўскі, машыніст экскаватара Сяргей Русецкі і многія іншыя.
Сёлетняе прафесійнае свята меліяратары Кіраўшчыны сустракаюць з добрым настроем: таварыства стабільна працуе, на бліжэйшую перспектыву забяспечана аб’ёмам работ, планавыя заданні своечасова і якасна выконваюцца, а гэта дае спадзяванне на паляпшэнне фінансавага стану і дабрабыту працаўнікоў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.